Аляксандар Лукашэнка 12 снежня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спецыяльным пасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал прэсавай службы Лукашэнкі. Сустрэча прайшла за зачыненымі дзвярыма.

Як паведамілі БелТА у прэс-службе Лукашэнкі, перамовы пачаліся ў пятніцу 12 снежня і плануецца, што яны працягнуцца на наступны дзень.
Агенцтва Reuters раней паведаміла са спасылкай на «тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй», што Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае з уладамі Беларусі магчымасць хуткага вызвалення сама меней 100 палітычных зняволеных.
Адзначаецца, што дыялог вядзецца «ў рамках збліжэння паміж ЗША і хаўруснікам Расеі». На іхную думку, «нават нязначны зрух у бок Захаду будзе стратэгічнай перамогай, зважаючы на тое, што Беларусь доўгі час была пастаяннай крыніцай раздражнення для NATO і верным саюзнікам Расеі».






