Сёння Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг кадравых перастановак ва ўрадзе.

Новым кіраўніком Міністэрства інфармацыі стаў Дзмітрый Жук, які да гэтага ўзначальваў выдавецкі дом «Беларусь сёння». На пасадзе міністра ён змяніў Марата Маркава, былога кіраўніка тэлеканала ОНТ, які кіраваў ведамствам з чэрвеня 2024 года.
У сваю чаргу Маркаў перайшоў на пасаду міністра культуры. Там ён змяніў былога актора Руслана Чарнецкага, які ўзначальваў ведамства з снежня 2024 года.
Генеральным дырэктарам галоўнага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА прызначаны Андрэй Мохар, які да гэтага часу працаваў на пасадзе дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ОРТ.
Віцэ-прэм’ерам па пытаннях будаўніцтва, транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадаркі прызначаны Аляксандр Церахаў.
Што азначаюць гэтыя кадравыя перастаноўкі? Па вялікім рахунку – нічога. Як бачым, Лукашэнка тасуе прыблізна тую самую кадравую калоду, у якой адзін чыноўнік мала адрозніваецца ад іншага нейкім адценнем сваіх падыходаў. Выглядае, што на думку Лукашэнкі, папярэднія міністры не вельмі добра спраўляліся з сваёй роляй – размовы пра нейкія новыя тэндэнцыі ў палітыцы не ідзе. Канкрэтна гэтыя прызначэнні не даюць ніякіх падставаў казаць, што новыя міністры нейкім чынам зменяць палітыку сваіх ведамстваў, што ўмоўна кажучы, замест больш ліберальнага чалавека прыйшоў больш кансерватыўны ці наадварот.
Таго ж Дзмітрыя Жука, відавочна, можна назваць прыхільнікам даволі жорсткай лініі. Выступаючы ў розных эфірах, ён неаднаразова выказваўся супраць умоўнай лібералізацыі, заяўляючы, што так званыя «збеглыя» толькі гэтага і чакаюць, каб зноў пачаць у Беларусі выступы супраць улады.
Аднак зразумела, што ён будзе праводзіць тую палітыку, якую ў дадзены момант лічыць мэтазгоднай Аляксандр Лукашэнка. Цікава, што Жук ужо выказаўся пра адну з самых гарачых тэмаў апошніх дзён – ці забароняць у Беларусі Юцюб пасля таго, як на гэтай платформе былі выдаленыя аккаўнты дзяржаўных тэлеканалаў Беларусі.
Паводле Жука, Лукашэнка – «не прыхільнік забаронаў» (што само па сабе гучыць даволі смешна). «Любое рашэнне, асабліва такога плана, як забарона, павінна быць выразна прадумана. Павінны быць прадуманы яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфектыўным. Калі мы дэкларуем, але не можам рэалізаваць, то лепш наогул не дэклараваць, – лічыць Дзмітрый Жук. – Што тычыцца платформаў, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, дзейнічаць трэба вельмі акуратна. Трэба шукаць іншыя механізмы ўзаемаадносін з гэтымі буйнымі гульцамі сусветнай медыяпрасторы», – мяркуе новы міністр.
Так што, выглядае, што, як я і прагназаваў 6 красавіка, Юцюб у Беларусі не адключаць.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






