У суботу, 13 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 56-га зенітнага ракетнага палка заявіў пра «ліквідацыю напружанасці ля мяжы з Украінай», піша БелТА.

Гэтую заяву ён зрабіў у Лунінецкім раёне Берасцейскай вобласці, куды выправіўся 13 ліпеня, каб «абмеркаваць з сілавікамі забеспячэнне ваеннай бяспекі краіны на паўднёвым апэрацыйным напрамку».
БелТА паведамляе, што Лукашэнка заслухаў даклад «аб становішчы пры выкананні задач баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне», і што ён даручыў адвесці войскі ад мяжы з Украінай у месцы сталай дыслакацыі. Паводле Лукашэнкі, цяпер «не павінна быць ніякіх лішніх мерапрыемстваў». Лукашэнка таксама заявіў пра планы абмеркаваць з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным далейшыя крокі па Украіне.
Гэтыя заявы Лукашэнкі Кіеў пакуль не камэнтаваў.






