“Мы рыхтуемся да вайны, я гэтым гавару шчыра”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняй паездкі ў Гародню. Паводле яго слоў, у краіне вядзецца падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў, у войскі пастаўляюцца розныя віды ўзбраенняў і тэхнікі.
Падчас цырымоніі закладкі капсулы на месцы будаўніцтва новай гарадской бальніцы ў Гародні, Лукашэнка таксама заявіў, што беларуская падрыхтоўка да вайны больш міралюбівая, чым на Захадзе.
“Мы ж цяпер таксама капаем зямлю, як і яны, зусім побач з мяжой. Толькі мэты ў нас зусім розныя. Там капаюць акопы, траншэі супраць танкаў і іншага, павялічваюць выдаткі на ўдарныя ўзбраенні. А мы тут дзве траціны бюджэту рэгіёну накіроўваем на сацыяльную сферу — ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт і гэтак далей. Мы хочам пабудаваць сваю мірную будучыню. Мы настроены толькі на стварэнне”, — сказаў ён.