Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе. Гаворачы ў размове з праўладнымі журналістамі пра апазіцыю, ён сказаў: «Перадайце ім, што пайду!.. Чым больш яны будуць напружваць мяне, вас і грамадства, тым хутчэй я пайду на выбары».

Таксама Лукашэнка даў сваё тлумачэнне, чаму мала хто ў Беларусі цяпер захоча балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах. Бо, па яго словах, людзі пачынаюць разумець, што «прэзідэнт у Беларусі — гэта вельмі цяжкая праца, і не кожны на гэта вырашыцца».
Раней ён некалькі разоў заяўляў, што, магчыма, не будзе ўдзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах. У прыватнасці, 8 верасня 2020 года на сустрэчы з расейскімі прапагандыстамі Лукашэнка заявіў, што не выключае правядзення датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.
У жніўні 2020 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якія былі фальсіфікаваныя і Лукашэнка сілай утрымаў уладу, задушыўшы масавыя пратэсты. Па меркаванні шматлікіх назіральнікаў, перамогу ў першым туры атрымала Святлана Ціханоўская. З таго часу ў Беларусі ідуць беспрэцэдэнтныя па жорсткасці рэпрэсіі. Сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну.






