
Аляксандр Лукашэнка завяршыў візіт у Расею і вярнуўся ў Беларусь, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы “Пул Першага”.
Падрабязнасці візіту і перамоў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным не прыводзяцца.
“Лідары размаўлялі шмат і прадметна. Падрабязнасці — мы не сумняваемся — будуць хутка”, — гаворыцца ў паведамленні.
Лукашэнка адправіўся з візітам у Расею 25 ліпеня.
Анансуючы яго перамовы з Пуціным, прэс-служба сцвярджала, што “кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць актуальныя пытанні ў развіцці беларуска-расейскіх адносін, прасоўванне саюзных праектаў, тэматыку рэгіянальнай бяспекі і міжнародны парадак дня”.
У той жа дзень паведамлялася, што Лукашэнка і Пуцін сустрэліся на востраве Валаам (Ладажскае возера) у Карэліі.
“На тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага Валаамскага мужчынскага манастыра кіраўнікі дзяржаў наведалі Храм Смаленскай іконы Божай Маці на тэрыторыі Смаленскага скіта”, — адзначала прэс-служба.
Падкрэслівалася, што Лукашэнка і Пуцін вялі “зносіны ў закрытым фармаце”.
26 ліпеня заяўлялася, што палітыкі “працягнулі нефармальныя зносіны на востраве Валаам”.
Сцвярджалася, што яны “абмяркоўвалі ў тым ліку самыя сур’ёзныя пытанні”, “у цэнтры ўвагі — міжнародны і рэгіянальны парадак дня, беларуска-расейскае супрацоўніцтва”.
13 ліпеня ў Лунінецкім раёне (Берасцейская вобласць) падчас наведвання месца дыслакацыі 56-га зенітнага ракетнага палка Лукашэнка заявіў пра планы абмеркаваць з Пуціным “далейшыя крокі па Украіне”.
“Я думаю, мы ў бліжэйшы час на сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным абмяркуем гэтыя праблемы і падумаем, як мы будзем дзейнічаць далей”, — заявіў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што “трэба хутчэй дамаўляцца”. “Аказваецца, можна дамовіцца. Але галоўнае, трэба размаўляць. Калі няма дыялогу, размовы — гэта будзе эскалацыя і будуць гінуць людзі”, — дадаў ён, сцвярджаючы, што “расеяне гатовыя садзіцца за стол перамоваў і дамаўляцца”.
У 2000–2024 гадах Лукашэнка здзейсніў 131 паездку ў Расею (у сярэднім 5,5 разы за год).
Да гэтага Лукашэнка наведваў у РФ у траўні, тады ён браў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і прысутнічаў на парадзе Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве. Гэты візіт стаў яго 20-й паездкай у РФ за апошнія два гады.
23 траўня Беларусь з візітам наведаў Пуцін, а ўжо 12 чэрвеня Лукашэнка абмяркоўваў з ім па тэлефоне асобным блокам “пытанні абароны і бяспекі”. Падчас візіту Пуціна ў Беларусь Ім было агучанае запрашэнне для Лукашэнкі наведаць Расею.
Пасля непрызнаных міжнароднай супольнасцю выбараў 2020 года дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова звярталі ўвагу заходніх партнёраў і насельніцтва краіны на рост інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Лукашэнка, які прадаставіў беларускую тэрыторыю для нападу расійскіх войск на Украіну і размяшчэння тактычнай ядзернай зброі РФ, абвінавачвалі ў гандлі суверэнітэтам Беларусі для захавання ўлады.
Крыніца: pozirk.online