Лукашэнка здаў дакументы ў ЦВК апошні. Праўда сам у Цэнтрвыбаркам не пайшоў, бо быў у Амане. Па даверанасці дакументы ў Цэнтральную выбарчую камісію здаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Юры Сянько. Пра гэта піша БелТА. Пры гэтым Сянько не сказаў, колькі подпісаў сабралі за Лукашэнку. Такое трактаванне чыноўнікаў з Цэнтрвыбаркаму цалкам адпавядае той сістэме, якую Лукашэнка будаваў, кажа палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

– Гэта акурат тое, што стабільна апошнія гады падкрэслівае тое, што для Лукашэнкі Цэнтрвыбаркам стварае асаблівыя ўмовы, не дзейнічае асабістая падача дакументаў і правілы збору подпісаў, а таксама ад дзяржаўных медыя Лукашэнка атрымлівае заўжды непрапарцыйна шмат увагі. Заўжды па ўсіх рэпортах там за 90% увагі з усіх кандыдатаў толькі Лукашэнку, быццам баяцца таму, што ён не кандыдат, а ўвагу быццам дзеючаму прэзідэнту, але ясныя тут усе гэтыя перакосы. Гэта досыць тыповая рэч для персаналісцкай аўтакратыі, якая проста падчас гэтага выбарчага фарсу робіцца яшчэ больш заўважней.
РР: Вы звярнулі ўвагу на СМІ, акурат сёння, 18 снежня, з’явілася заява патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнткі Канапацкай, якая сказала, што акурат па яе меркаванні сродкі масавай інфармацыі ўдзяляюць увагу ўсім кандыдатам. Можам пажартаваць над гэтым яе выказваннем, бо будзем казаць пра тое, што яна кандыдат-спойлер і так далей. Але, мне падаецца, што тут больш сур’ёзныя рэчы закладзеныя менавіта ў такіх паводзінах зараз.
– Канапацкая і ў 2020 годзе больш крытыкавала іншых дэмакратычных кандыдатаў, чым Лукашэнку. У гэтым годзе ўвогуле я сачу за дзейнасцю спадарыні Канапацкай з цікаўнасцю, на жаль, не пабачыў, у чым канкрэтна палягае яе пазіцыя. Зразумела, што больш апраўдваецца, што перыяд збору подпісаў – гэта не перыяд агітацыі. Магчыма, пабачым, пакуль цяжка. З Канапацкай тая ж праблема, што з іншымі, тымі, хто збіраў подпісы і хто, пэўна, будзе кандыдатамі ў 2025 годзе. Тая ж праблема, што цяжка зразумець, а чаму варта галасаваць за іх, а не за Лукашэнку, калі яны так яго падтрымліваюць. Гэта таксама чэлендж для саміх гэтых людзей, бо на іх месцы таксама няпроста быць – як тут патлумачыць, чаму яны лепей і пры гэтым Лукашэнку замоцна не крытыкаваць, каб не атрымаць праблемаў. Сапраўды ім даводзіцца весці ў складаных умовах кампаніі, але такі лёс яны самі сабе выбралі збольшага. Так, яны апраўдваюць беларускую рэчаіснасць, паглядзім, ці будуць якія заявы адносна палітвязняў, вайны, медыя.
Раней свае дакументы ў ЦВК падалі старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандар Хіжняк, старшыня Кампартыі Беларусі Сяргей Сыранкоў, лідар ЛДПР Алег Гайдукевіч і Ганна Канапацкая. Афіцыйна рэгістрацыя кандыдатаў скончыцца 31 снежня.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: wiadomosci.onet.pl






