BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лукашэнкаўскі і паўночнакарэйскі рэжымы нарошчваюць супрацоўніцтва

Міністры замежных спраў Паўночнай Карэі і Беларусі хочуць узмацніць і паглыбіць адносіны, каб адкрыць новы раздзел, паведаміла інфармацыйнае агенцтва паўночнакарэйскага рэжыму KCNA.

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў знаходзіцца з чатырохдзённым візітам у Пхеньян. Паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap адзначае, што падрабязнасці пра сустрэчу дыпламатаў не паведамляюцца. Аднак агенцтва адзначае, што з улікам паглыблення сувязяў гэтых краін з Расеяй паездка Рыжанкова, хутчэй за ўсё, будзе сканцэнтравана на пабудове трохбаковага супрацоўніцтва для больш эфектыўнага супрацьстаяння Захаду.

Беларусь, якой 30 гадоў кіруе Лукашэнка, з’яўляецца адным з найбуйнейшых саюзнікаў Расеі. Ён не толькі падтрымлівае ўварванне Расеі ва Украіну, але і дазволіў Маскве размясціць тактычную ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі.

Беларусь таксама адна з краін, у якія Паўночная Карэя ў мінулым накіроўвала сваіх супрацоўнікаў, парушаючы рэзалюцыі Рады бяспекі ААН. У ліпені Беларусь таксама далучылася да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, створанай па ініцыятыве Масквы і Пекіна.

Таксама да аўторка ў Пхеньяне засталася расейская дэлегацыя на чале з генпракурорам Ігарам Красновым.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: МЗС Беларусі