BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мадуру і ягоную жонку абвінавацілі ў ЗША ў наркатэрарызме

Генеральная пракурорка ЗША паведаміла, што Нікаласа Мадуру і ягоную жонку афіцыйна абвінавацілі ў наркатэрарызме. Гэта адбылося ў Паўднёвай акрузе Нью-Ёрку.

Нікалас Мадура. Фота: Rayner Pena / EPA / ТАСС

Нікалас Мадура і ягоная жонка Сілья Флёрэс былі афіцыйна абвінавачаныя ў змове з мэтаю накратэрарызму, паведаміла ў сацсетцы X.com генеральная пракурорка ЗША Пэм Бондзі.

Пару таксама абвінавацілі ў змове з мэтаю паставак какаіну, а таксама ў валоданні кулямётамі і выбуховымі прыладамі.

«Неўзабаве яны сутыкнуцца з усёй сілай амерыканскай справядлівасці на амерыканскай зямлі ў амерыканскіх судах», – напісала Бондзі.

Раніцою 3 студзеня ЗША нанеслі ўдары па Венесуэле, неўзабаве Трамп абвесціў, што Мадуру і ягоную жонку схапілі і вывезлі з краіны. Агенцтва The Associated Press адзначае, што застаецца незразумелым «юрыдычнае абгрунтаванне ўдару». Паводле венесуэльскіх законаў, кіраваць дзяржаваю мае віцэ-прэзідэнтка Дэльсі Радрыгес. Пры гэтым чатыры крыніцы агенцтва Reuters сцвярджаюць, што яна ўжо ў Расеі.