Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер выступілі з заявамі ў сувязі з сітуацыяй у Венесуэле, падтрымаўшы дэмакратычны пераход улады ў краіне.

Кір Стармер у сацыяльнай сетцы X адзначыў, што Вялікабрытанія ўжо даўно выступае за перадачу ўлады ў Венесуэле. Паводле яго слоў, Лондан лічыў Нікаласа Мадура нелегітымным прэзідэнтам і не шкадуе аб заканчэнні яго рэжыму. Ён таксама паведаміў, што ў найбліжэйшыя дні брытанскі ўрад абмяркуе развіццё сітуацыі з калегамі з ЗША.
«Мы імкнёмся да бяспечнай і мірнай перадачы ўлады легітымнаму ўраду, які будзе адлюстроўваць волю венесуэльскага народа», — падкрэсліў Стармер.
У сваю чаргу Эмануэль Макрон заявіў, што венесуэльскі народ, паводле яго слоў, вызваліўся ад дыктатуры Нікаласа Мадура і можа толькі радавацца гэтаму.
«Захапіўшы ўладу і парушыўшы фундаментальныя свабоды, Мадура сур’ёзна падарваў годнасць уласнага народа. Будучы пераход павінен быць мірным, дэмакратычным і з павагай да волі народа Венесуэлы», — адзначыў прэзідэнт Францыі.
На думку Макрона, пераходны перыяд мог бы забяспечыць у Венесуэле Эдмунда Гансалес Урутыя, абраны ў 2024 годзе.
Як вядома, на прэзідэнцкіх выбарах у Венесуэле 2024 года, паводле звестак апазіцыі, менавіта Эдмунда Гансалес Урутыя атрымаў перамогу. Урады 14 краін прызналі яго тады абраным прэзідэнтам Венесуэлы. Лідар апазіцыі Марыя Карына Мачада заявіла, што ён павінен неадкладна ўзначаліць Венесуэлу.






