1405-ы дзень вайны. На пачатку студзеня адбудзецца сустрэча Кааліцыі ахвочых, каб узгадніць канкрэтны ўклад кожнай краіны. Пра гэта аб’явіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, гаворачы наконт гарантыяў бяспекі для Украіны.

Па выніках нядзельнае сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызнаў, што на перамовах па спыненні вайны ва Украіне «застаюцца адно-два складаныя нявырашаныя пытанні». Адным з іх з’яўляецца тэрытарыяльнае пытанне, датычнае Данбаса. Цытата: «Я думаю, мы бліжэй, чым былі раней — яно пакуль не вырашанае, але мы значна наблізіліся». Пытанне па Запарожскай атамнай электрастанцыі таксама абмяркоўвалася, але пакуль не вырашана, паведаміў Трамп: «Пуцін працуе з Украінай, каб запусціць Запарожскую АЭС, ён хоча бачыць яе ўвядзенне ў эксплуатацыю. Ён больш не нацэльвае на яе ракет, таму што гэта было б небяспечна». Расея, як упэўнены Трамп пасля размовы з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным, гатовая ўдзельнічаць у аднаўленні Украіны.
Цытата: «Расея — гэта гучыць крыху дзіўна — Пуцін вельмі шчодры на тое, каб Украіна магла аднавіцца, ён гатовы пастаўляць танную электраэнергію».
Беларускае Радыё Рацыя






