BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Максім Дзенісевіч: Як вярнуць ужо страчанае

Сёлета перад шматлікімі беларусамі, асабліва тымі, хто знаходзіцца за мяжой, паўстае пытанне: як павярнуць ужо страчанае, як павярнуць тое, што амаль знішчана? Максім Дзенісевіч, мае адказ на гэтае пытанне.

Беларускі суверэнітэт – гэта тое, што немагчыма памацаць, а ў цяперашніх умовах, немагчыма нават адчуць. Затое чыста! На дадзеным этапе рэжым Лукашэнкі толькі ўзмацняецца, чаго не скажаш пра здароў’е тырана. Нягледзячы на тое што незадаволенасць дзейным станам у грамадстве толькі расце, пачуць гэта выразна можна толькі за мяжой. На жаль, апроч асобных галасоў мы не бачым анічога большага. У лепшым выпадку, нашыя грамадзяне могуць, “прапусціць” гэтую праблему праз сябе, пашкадаваць толькі сябе і ў смутку пачаставаць сябе. Пра горшыя выпадкі лепш і не ўзгадваць.

Якая перспектыва нас чакае? Знікненне Беларусі? Насамрэч, нічога шакуючага ў гэтым няма, бо амаль што нічога не зменіцца: лукашэнка, будзе ездзіць на тым жа трактары і па той жа зямлі, Латушка будзе крычаць пра санкцыі, беларускі народ будзе гараваць (але не па тэлебачанні), беларускія ваяры будуць змагацца за чужыя інтарэсы, а апазіцыя будзе нагадваць пра палітвязняў, якіх усё больші больш. Па маім адчуванні, мы падыходзім да вельмі важнай гістарычнай падзеі – выбараў у Кардынацыйную раду. Будзе гэтая падзея нечым незвычайным, альбо мы чарговы раз наступім на тыя ж граблі што й заўжды – пакажа час. Аднак дакладна нельга адмаўляць таго, што
падзея вельмі цікавая, як і, дарэчы, людзі, у якіх стомленасць перарастае ў дзеянні. Трэба разумець, што Беларуская дыктатура – гэта надоўга, таму працу трэба будаваць на доўгі тэрмін.

Можа нам патрэбна стратэгія? Можа быць, але ўсё ж такі мне бліжэй будуць словы Джэка Уэлча: „Паставіць на ключавыя месцы правільных людзей нашмат важней, чым распрацоўваць стратэгію.“ На дадзеным этапе, на “пасадах” знаходзяцца людзі, якія не толькі нічога не робяць, але нават шкодзяць у пытаннях павяртання нашай Радзімы. Асабліва мяне гняце тое, што ў нашых мілітарных і парамілітарных фармаваннях пасады займаюць “чырвоныя афіцэры”, якія пагарджаюць гонар і годнасць беларускай вайсковай традыцыі. Выхад з гэтага крызісу, мне бачыцца толькі праз Кардынацыйную раду (далей -КР).

Чым жа будзе займацца КР? Залежыць ад таго, хто пройдзе ў новы склад. У выбарцаў павінна быць дакладнае разуменне: хто ёсць хто. Чаго нам чакаць ад гэтых персон? Калі людзі абяруць тых, хто ўжо насядзеўся ў КР за 2 гады, не зрабіўшы нічога – адказ просты. Калі людзі абяруць тых, у каго асноўны арыенцір санкцыі – адказ просты. Калі людзі абяруць тых, хто ўжо шмат гадоў займае высокія пасады ў іншых арганізацыях і аб’яднаннях – адказ просты. Вось у гэтай “прастаце”, давайце і разбярэмся.

Што мы маем? За чатыры гады віскаў, аб узмацненні санкцыяў і дапамозе палітвязням, вынік
адзіны:
– сфармавана больш за дзесятак спецыяльных падраздзелаў Унутраных Войскаў (іх будзе яшчэ больш), а ў такі падраздзел як “Тайфун” уваходзяць найміты з “Вагнера”;
– праводзяцца сістэматычныя навучанні тэрытарыяльнай абароны;
– з паляўнічых і рыбакоў робяць баявых снайпераў;
– заробкі афіцэрам і кантрактнікам значна павялічваюцца;
– колькасць палітычных вязняў расце і ўжо перавышае 10.000;
– за увесь час існавання Каардынацыйнай рады, не сфармавана група па дапамозе палітычным зняволеным (як бы гэта камічна не гучала). Гэта я яшчэ не разбіраў вайсковую Дактрыну РБ, па якой трэба пісаць новы і асобны артыкул. Адштурхоўваючыся ад вышэй напісанага, так і хочацца працытаваць урывак з твору Ніла Гілевіча:

Шушкевіч глянуў на гадзіннік:
Ці не даволі ўжо размоў? —
Сябры! Дык вывад наш адзіны:
Падзелім грады — і дамоў!..

Паўтаруся яшчэ раз – нашу Айчыну чакае ўзмацненне рэпрэсій на ўсіх напрамках, а таксама пашырэнне сілавога блоку і павелічэння сацыяльных льгот для сілавікоў. Калі мы не хочам каб наш край назаўжды апынуўся феадальнай вотчынай прарасейскіх міліцыянтаў, мы мусім дзейнічаць ужо зараз. І КР тут нам можа дапамагчы.

На маю думку, у Каардынацыйнай радзе мусяць прысутнічаць асобы, якія сваёй мэтай зробяць узмацненне і легалізацыю Беларускай Вызвольнай Арміі (далей – БВА), а менавіта пытанне
статусу дабраахвотнікаў і ўзаемадзеяння ўсіх мілітарных і парамілітарных сіл, а таксама адукацыю, у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Калі з адукацыяй і паlвышэннем эрудыцыі, усё больш-менш зразумела, то з БВА не ўсё так празрыста. Хочацца пачаць з таго, што БВА ўжо як год сфармаваная і актыўна працуе. Калі прааналізаваць СМІ, то мы можам заўважыць не толькі прыгожую ваенную форму з дасканалай сістэмай узнагарод, але вайсковую тэхніку і прыстойных афіцэраў, якія давалі прысягу, у першую чаргу, народу Беларусі. Я не прымушаю ўсіх уступаць у шэрагі Вызвольнай Арміі, але дапамагаць у яе фармаванні і разумець, што без нашай Арміі наша будучыня выглядае цёмным і крывавым – гэта наш агульны інтарэс як палітычнай нацыі. Вы скажаце мне “Але ж лукашэнкаўскія ваяры, але ж Расея!”. Я адкажу – лухта і баязліўства. Можна сказаць, што “лукашэнаўскіх сабак” больш і яны лепш забяспечаныя, але трэба зразумець, што яны будуць ваяваць па злачынным загадзе, а мы за тое, што ў нас аднялі.

Апускаць рукі праз тое што існуе імперская Расея – таксама дзіцячае глупства. У таго ж Ізраіля, ворагі паўсюль і цемрашальства лезе з усіх бакоў, але яны змагаюцца і абавязкова перамогуць! Так і мы здолеем, трэба толькі верыць у тое што мы будзьма жыць і рабіць усё магчымае для нашага выжывання. Нам самым, уласнымі рукамі, не спадзяваючыся на суседзяў і “чорных лебядзяў”.

Цяперашняя ўлада трымаецца і існуе, толькі на нашым страху, а не на недастатковай колькасці ўведзеных санкцый ці заклапочанасцяў міжнародных структур. Таму, нельга вінаваціць усіх, але толькі не сябе, трэба працаваць!

Астатняе чаго я хачу, гэта праліванне крыві на нашых лугах і дубровах, калі ахутаныя полымем нашыя вёскі і гарады, але мы абавязаныя быць падрыхтаваныя, бо спадзявайся на лепшае, але
рыхтуйся да горшага.

Максім Дзенісевіч

Даведка: Максім Дзенісевіч. Нарадзіўся ў Нясьвіжы ў 1995 годзе. Скончыў базавую школу ў Юшавічах, гімназію ў Нясьвіжы, філалагічны клас (беларуская і нямецкая мовы), ВАРБ, факультэт Унутраных войск. Пад час навучання ў Акадэміі актыўна зацікавіўся гуманітарнымі навукамі.
З дзяцінства, пачаў цікавіцца адзінаборствамі. Шматразовы чэмпіён Менскай вобласці, прызёр краіны па самба і дзюдо. Чэмпіён ВАРБ у цяжкай вазе па самаабароне. Прызёр шматлікіх турніраў і вайсковых чэмпіянатаў па рукапашным бою. Выканаў і падтвердзіў кандыдата ў майстры спорту. Службу як афіцэр пачаў у 2-й спецыяльнай брыгадзе. Скончыў службу на пасадзе камандзіра камендантскага звязу – каменданта штаба. У 2020 годзе удзельнічаў у падаўленні масавых выступаў у Менску, хоць рапарт аб звальненні быў напісаны 31.07.2020. 11 жніўня 2020 года дзеіў асобна і быў камандзірам “группы изъятия”, па яго загадзе, усе затрыманыя былі адпушчаныя. Пра гэта ведалі, толькі яго падначаленыя, некаторыя з іх былі затрыманыя. Пад час знаходжання на службе, вырашаў пытанне па выездзе з краіны. У канцы 2020 выехаў у Польшчу. У 2021 годзе, быў запрошаны на службу ў BYPOL на пасаду галоўнага інструктара. У 2023 годзе ім быў сфармаваны і падрыхтаваны атрад “АТАМ”, які быў накіраваны ва Ўкраіну для атрымання баявога досведа.