Вынікі галасавання малдаван у Беларусі на парламенцкіх выбарах паказалі іншы расклад, чым у Расеі. Калі на расейскіх участках прарасейскі «Патрыятычны блок» атрымаў каля 67% галасоў, то ў Менску — толькі 53%. Пры гэтым праеўрапейская Партыя дзеяння і справядлівасці (PAS) у беларускай сталіцы атрымала 29%, у той час як у Расеі толькі 12%.

Сітуацыю каментуе даследчык Праграмы расейскіх і беларусістычных даследаванняў Рады па знешняй палітыцы «Украінская прызма» Павел Радзь:
– З вынікамі галасавання ў Беларусі ніякіх непрадбачаных сітуацыяў не адбылося, была вялікая падтрымка прарасейскіх сіл, у прынцыпе, гэта зразумела, як і ў Расейскай Федэрацыі. Уплываў страх, людзі, якія прыйшлі і прагаласавалі, адлюстроўваюць тэндэнцыі, якія адбываюцца ў дыяспарах, і беларускіх, і расейскіх, грамадзян Малдовы, якія там пражываюць.
Эксперт звярнуў увагу, што тэндэнцыі ў Беларусі выглядаюць бліжэйшымі да настрояў малдаўскіх дыяспар у краінах Балтыі. У Літве за PAS прагаласавалі 67% выбарцаў, у Латвіі — 64%. Тым не менш, у чарговы раз Расея выкарыстала Беларусь для рэгулявання вынікаў галасавання праз падвоз выбарцаў з РФ.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






