BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Малгажата Гасеўска: Беларусь заўсёды была ў маім сэрцы

3-га кастрычніка у Еўрапарламенце выбралі кіраўніка дэлегацыі па справах Беларусі. Кіраўніком абраная вядомая дэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўска – прадстаўніца партыі “Права і справядлівасць”, заангажаваная ў беларускую, украінскую, усходнюю палітыку.

Фота: t.me/parlamentbel

РР: Гавару зараз не як журналіст, а як беларус. Было вельмі прыемна, калі Вы звярнуліся ў Еўрапарламенце да беларусаў на беларускай мове. Нам, беларусам, заўсёды гавораць, што нашая мова не з’яўляецца важнай. З расейскага боку чуем, што расейская мова прыгожая, і беларусы мусяць размаўляць па-расейску. А пані выступіла з трыбуны Еўрапарламенту па-беларуску. Гэта было вельмі сімвалічна і файна. І мы ўдзячныя за гэта.

Малгажата Гасеўска: Я хацела, каб гэта стала пэўным сімвалам таго, што я хацела б рабіць у Еўрапейскім парламенце для беларускага народу. Мова – фармуе ідэнтычнасць, самасвядомасць, яна вельмі важная. І ваша змаганне за мову, навучанне дзяцей беларускай мове – гэта вельмі важна ў барацьбе за Вольную Беларусь. І тым больш, усё, што я магла б рабіць для вашага змагання, а ў тым ліку для падтрымкі, папулярызацыі беларускай мовы, то можаце быць упэўнены, я буду гэта рабіць. Бо глыбока веру, што гэта важны элемент фундаменту змагання за незалежнасць сваёй краіны.

РР: Прыміце нашыя віншаванні з абраннем на гэтую пасаду! Хочацца заўважыць, што гэта вельмі складаны ўчастак працы – Беларусь. Зараз, калі ёй кіруе Аляксандр Лукашэнка. І вельмі шмат выклікаў і працы стаіць перад Вамі. І не ведаю, ці віншаванні – гэта добрая думка?

Малгажата Гасеўска: Я з радасцю прымаю віншаванні. Я не баюся цяжкай працы, складаных выклікаў. Я да іх гатовая. Беларусь заўсёды была ў маім сэрцы. Цягам многіх гадоў імкнуся падтрымліваць вашую барацьбу. Фактычна з 2006 года, ад прэзідэнцкіх выбараў. Я адкрытая да супрацы. У снежні ў нас будзе Тыдзень Беларусі ў Еўрапейскім парламенце. І думаю, што нам атрымаецца ўзбагаціць гэты Тыдзень.

РР: Як бы Вы ацанілі падыход розных палітычных груп у Еўрапарламенце да Беларусі сёння?  

Малгажата Гасеўска: Хачу верыць, што гэтая тэма важная і будзе сёр’ёзна трактавацца.  Сведчаннем гэтага была апошняя сесія Еўрапарламенту ў Стасбургу, дзе была прынятая рэзалюцыя, дзе была праведзена на гэтую тэму дыскусія. І я чула вельмі-вельмі шмат галасоў падтрымкі, згадвання пра палітвязняў. Гэта вельмі важная тэма. Галоўнае, каб за гэтымі словамі ішла справа. Следства супраць дзейнасці Лукашэнкі, персанальныя санкцыі, але таксама, каб разам з гэтым ішлі грошы для грамадзянскай супольнасці Беларусі, для дзейнасці беларускай дыяспары ў розных краінах, на дзейнасць незалежных СМІ, рука ў руку, а не каб усё скончылася на прыгожых словах і дэкларацыях.

РР: А што трэба для гэтага зрабіць? Бо вельмі важна тое, шты Вы гаворыце, што вельмі шмат слоў, а за гэтымі словамі не заўсёды ідзе справа.

Малгажата Гасеўска: Трэба ўвесь час нагадваць. Трэба звяртацца да сумлення палітыкаў Еўрапейскага Звязу. І я маю на гэтую тэму ідэі. Я не хачу іх зараз агучваць. Калі мы падрыхтуем канкрэтныя праекты, мы будзем пра іх інфармаваць. Статыстыка вельмі важная. Мы можам гаварыць пра колькасць палітвязняў, але мы мусім пра гэтых палітычных вязняў гаварыць больш канкрэтна, паказваць увесь драматызм гэтага зняволення, паказваць канкрэтных асоб, іх родных, канкрэтныя лёсы. Гэта мацней даходзіць да іншага чалавека. Гэта мусіць адкрываць сэрцы і будзіць сумленне. І такога кшталту справы мы напэўна будзем рабіць. Канешне, выставы, канферэнцыі, але таксама і сведчанні асоб, якія прайшлі праз жах зняволення.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя