BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Малгажата Гасеўска: Мы мусім гучна казаць пра беларускіх палітвязняў

4 верасня ў Еўрапарламенце прайшла сустрэча з кіраўнікамі і прадстаўнікамі беларускіх медый. Арганізатар сустрэчы – Дэлегацыя па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю. Абмяркоўвалася тэма: “Роля незалежных беларускіх СМІ ў падтрымцы дэмакратычных змен у Беларусі і супрацьдзеянні дзяржаўнай прапагандзе і дэзінфармацыі“.

Госця Рацыі – еўрадэпутатка Малгажата Гасеўска – старшыня дэлегацыі і арганізатарка гэтага паседжання.

РР: Ці Еўропа ведае пра катастрафічнае становішча незалежных беларускіх СМІ? Пра масавую эміграцыю журналістаў, пра журналістаў, якія апынуліся за кратамі?

Малгажата Гасеўская: І так, і не. Бо гэтая тэма не з’яўляецца найважнейшай. Пра гэта мы размаўлялі сёння на сустрэчы дэлегацыі. Сярод запрошаных гасцей былі таксама і прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, якія выслухалі тое, пра што гаварылі. Пачулі мы з боку запрошаных гасцей, прадстаўнікоў незалежным беларускіх СМІ, што сродкі, якія выдзяляюцца з ЕЗ, абсалютна недастатковыя. Што шэраг медыя гэтых сродкаў па-просту не атрымлівае. І ім пасля многіх гадоў дзейнасці пагражае закрыццё з-за браку сродкаў, але так не павінна быць. Пра гэта мы размаўлялі, і прадстаўнікі Еўракамісіі мусілі гэта выслухаць. Зразумела, яны гэта тлумачылі, але гэта тэма, якую мы надалей будзем праводзіць. Бо што нам з гэтага разумення, калі пасля гэтага не ідуць сродкі, якія дазволяць гэтым незалежным медыя дзейнічаць, гаварыць праўду на Беларусь, для беларусаў, а таксама пра тое, што адбываецца ў Беларусі на краіны Еўразвязу. Кіраўнік Радыё Рацыя пан Яўген Вапа гаварыў, што расце колькасць прапаганды Лукашэнкі. Гаварыў пра тое, наколькі яна эфектыўная і на тэрыторыі Беларусі, і за мяжой. Прывёў прыклад маёй краіны, Польшчы, дзе падчас пратэстаў падтрымка палякамі дэмакратычнай Беларусі была 50%, а зараз знізілася да 20%. Гэта яскрава паказвае сілу лукашэнкаўскай прапаганды і неабходнасць супрацьстаяння гэтаму. Бо гэта і наша бяспека, бяспека Польшчы, бяспека ЕЗ.

Падчас дыскусіі мелі мы таксама драматычныя сведчанні былога палітычнага вязня пана Ігара Карнея. Ён распавёў каротка, недастаткова, бо такі расповяд мусіць быць гучным і моцным. Бо толькі такія сведчанні могуць змусіць еўрапейскія эліты да дзейнасці.

РР: За кратамі застаюцца 11 журналістаў “Белсату”, 1 журналіст Беларускага Радыё Рацыя. Усіх іх у зняволенні зараз 36. Застаецца ў зняволенні Анджэй Пачобут – журналіст, актыўны дзяяч польскай меншасці ў Беларусі. Як актывізаваць еўрапейскую супольнасць, каб дабіцца вызвалення людзей? Толькі польскага голасу тут можа быць недастаткова.

Малгажата Гасеўская: Анджэй Пачобут – неверагодна мужны чалавек, які ў нечалавечых умовах знаходзіцца за кратамі. Ён не зламаўся да гэтай пары. Са слоў Ігара Карнея, які меў кантакт з людзьмі, якія нядаўна яго яшчэ бачылі, ён у драматычным стане. І калі мы яго не выцягнем, то варта чакаць найгоршага. І калі мы не будзем змагацца за палітзняволеных, то будзем гэта мець на сваім сумленні.

РР: А Еўропа ўвогуле ўсведамляе, што такое зняволенне ў Беларусі? Гэта насамрэч бліжэй да сталінскага ГУЛАГа ці канцлагера.

Малгажата Гасеўская: Вы гаворыце тое, пра што я ўвесь час кажу. Што мы мусім гучна паказваць сведчанні вязняў, і ўсведамляць, што зняволенне ў ЕЗ не мае нічога агульнага з турмамі і лагерамі ў Беларусі. Гэта часы сталінізму, гэта як нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры часоў ІІ Сусветнай вайны. Умовы, у якіх знаходзяцца палітвязні ў Беларсі, нават горшыя, чым у Расеі. І мы мусім паказваць сведчанні людзей, якія праз гэта прайшлі. Сведчанні людзей, якія прайшлі праз зняволенне і іх лёсы – гэта дарога прымусіць ЕЗ, ЗША  і ўвесь свету да дзеянняў.

РР:  Ці не варта падумаць пра інстытуцыянальную падтрымку беларускіх СМІ ў выгнанні? Каб радыё ці тэлебачанне маглі планаваць працу на некалькі гадоў, бо як прыклад і Радыё Рацыя, дзе фінансаванне на адзін год ды яшчэ са спазненнем.

Малгажата Гасеўская: Так, такой дарогай варта было б ісці. Пра гэта гаварыла пані Агнешка Рамашэўска-Гузы. Гэта павінна быць інстытуцыянальная падтрымка, а не праектная. Гэта павінна быць сталая, сістэматычная, інстытуцыянальная падтрымка, каб маглі планаваць сваю дзейнасць, а не марнаваць час на стварэнне нейкіх дзіўных праектаў, каб атрымаць пару грошаў  на чарговы месяц. Будзем гэтага патрабаваць ад Еўрапейскай камісіі.

РР: Ёсць такая Прэмія імя Андрэя Сахарава. А калі б яе атрымаў Анджэй Пачобут?

Малгажата Гасеўская: Вельмі б хацела, каб так было. Яго кандыдатуру я агучыла на паседжанні сваёй фракцыі, як прапанову польскай дэлегацыі. Праводзіла таксама размовы з польскімі еўрапарламентарыямі з іншых фракцый. Гэта будзе сімвал нязломнасці, які паказвае ўсіх зняволеных журналістаў, усіх палітвязняў у Беларусі. Будзем за гэта змагацца. Гэтая тэма мусіць ізноў вярнуцца на форум Еўразвязу. Жыве Беларусь!

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя