BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мангольскія СМІ стрымана паведамілі пра прыбыццё Лукашэнкі

Лукашэнка ў Манголіі. Ён прыбыў туды з першым афіцыйным візітам з моманту ўсталявання ў 1992 годзе дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і гэтай дзяржавай у Паўночна-Усходняй Азіі.

Як адзначае выданне Позірк, афіцыйныя крыніцы прымаючага боку адрэагавалі на прыбыццё Лукашэнкі стрымана. Прэс-службы МЗС, прэзідэнта Манголіі, а таксама дзяржаўнае інфармагенцтва “Манцамэ” распаўсюдзілі кароткае паведамленне пра тое, што гэта першы візіт, што ён здзяйсняецца на запрашэнне кіраўніка дзяржавы. “Падчас візіту прэзідэнты дзвюх краін правядуць афіцыйныя перамовы, і абодва бакі падпішуць больш за 10 дакументаў паміж урадамі і ўстановамі. Таксама запланаваны мангола-беларускі бізнес-форум”, — сцісла апісаная праграма візіту. 

Перад гэтым візітам 31 траўня намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка заявіў, што паездка Лукашэнкі ў Манголію — гэта “дзёрзкае і зневажальнае пасланне ўсёй міжнароднай супольнасці і сістэме міжнароднага правасуддзя”.

Экс-прэзідэнт Манголіі Цахія-гійн Элбэг-дорж адрэагаваў на словы Латушкі і заклікаў цяперашнія ўлады дзяржавы арыштаваць візіцёра, які “здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці”. Гэта, на яго думку, палепшыла б імідж краіны. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала мангольскаму палітыку за “рашучы заклік прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці” і заявіла, што “Лукашэнка павінен паўстаць перад міжнародным трыбуналам”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БЕЛТА