Сёння мы становімся сведкамі моманту, які яшчэ нядаўна здаваўся амаль немагчымым: у Страсбургу падпісана пагадненне аб стварэнні Спецыяльнага міжнароднага трыбунала для суду над арганізатарамі вайны супраць Украіны. Трыбунал зможа прыцягваць да адказнасці не толькі расейскае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва, але і Лукашэнку, які даў тэрыторыю Беларусі для нападу.
Ці сапраўды гэта — пачатак канца эпохі беспакаранасці? Ці магчыма асудзіць дыктатараў, пакуль яны пры ўладзе? І што гэта азначае для будучыні Беларусі і ўсёй Еўропы?

Наша Госця Рацыі — Маргарыта Ворыхава, сябра КР і сябра дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у ПАРЭ і сведка падпісання гістарычнага дакумента:
-Мне падаецца, што гэта была самая наведваемая сустрэча, якая праходзіла за апошнія месяцы ў Радзе Еўропы. Там была поўная зала і ўсе стоячы апладзіравалі пасля выступлення Уладзіміра Зяленскага. Я прысутнічала на падпісанні трыбуналу і на спічы, які даваў Зяленскі ўчора. І мне запомніліся некалькі цытат, якія ён выказваў. Адна з іх – гэта пра тое, што справядлівасць павінна дзейнічаць так, каб кожны, хто плануе і ўдзельнічае ў злачынствах агрэсіі дакладна ведалі, што адказнасць для іх непазбежная. І гэта датычылася менавіта не толькі Пуціна, але і Лукашэнкі. І для мяне прысутнічаць на працэсе падпісання такога інструмента, які будзе таксама пераследаваць Лукашэнку за яго ўдзел у агрэсіі супарць Украіны, гэта быў насамрэч неверагодны момант майго жыцця і неверагодны момант у гісторыі Рады Еўропы і ўсёй Еўропы агулам.
РР: Што такое трыбунал і як гэта будзе выглядаць?
Маргарыта Ворыхава: Трыбунал – гэта такі міжнародны інструмент, мэта якога прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ўсё вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва, якое здзейсніла нейкія акты злачынства агрэсіі супраць Украіны. Ён будзе дзейнічаць па асобным статуце, які падпісалі ўчора Украіна і Рада Еўропы. І ён не будзе абмяжоўвацца юрысдыкцыяй Міжнароднага крымінальнага суда, то бок, можа разглядаць справы Беларусі і Расеі і выносіць абвінавачванні па справах злачынстваў.
РР: Сама КР неяк удзельнічала ў падрыхтоўцы гэтага падпісання?
Маргарыта Ворыхава: Тут трэба адзначыць працу асабіста Паўла Латушкі і ўсёй яго каманды, тое што яны ініцыявалі і праводзілі працу цягам некалькіх год. І былі ўнесены папраўкі ў рэзалюцыю, якая пацвярджае, што Лукашэнка таксама будзе падпадаць пад гэты Міжнародны трыбунал.
РР: Якія механізмы, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці?
Маргарыта Ворыхава: Гэты трыбунал будзе распаўсюджвацца на ўсіх удзельнікаў гэтай агрэсіі. Лукашэнка ўдзельнічаў у гэтым акце агрэсіі тым, што ён дазваляў выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю, беларускую інфраструктуру і паветраную прастору для нападу Расеі на Украіну. І гэты трыбунал будзе дазваляць праводзіць завочны разгляд гэтай справы, выносіць абвінаваўчае заключэнне і праводзіць судовы працэс і выносіць крымінальную адказнасць за ўдзел Лукашэнкі ў гэтым працэсе.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






