На палях 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе беларускія дэмакратычныя сілы падвялі вынікі сваёй працы па прыцягненні міжнароднай увагі да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў адзначыў, што важнай падзеяй для ўдзельнікаў сесіі стала навіна пра пачатак расследавання ў Міжнародным крымінальным судзе:
– Комплекснае пытанне, паўплываць напрамую, мне здаецца, нельга, але калі ідзе праца і будуць нейкія вынікі, якія будуць публічна заяўленыя, то гэта важна. Зразумела, усе адзін аднаго чытаюць, і ўсе бачаць, што адбываецца, калі Міжнародны крымінальны суд прымае такое рашэнне. Зразумела, у ААН учора была цёплая атмасфера. І трэба было бачыць прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, на іх тварах усмешак і вялікай радасці мы не заўважылі.

Марозаў падкрэсліў, што важным фактарам, які ўзмацніў увагу да Беларусі падчас сесіі, стаў удзел у яе працы кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага:
– Вельмі моцна паўплывала, гэта быў першы візіт Алеся за мяжу. Як мог яму дапамагаў скаардынавацца. Таму што пасля такіх тэрмінаў за кратамі даволі цяжка зразумець, што адбываецца. Але Алесь, канешне, крэмень, і яго слухалі. Вельмі цікава ён распавядаў, і пра кейсы, і што трэба зрабіць, і пра санкцыі, і пра дапамогу канкрэтным людзям, каб вызваліць іх з турмы.
Падчас сесіі Савет ААН па правах чалавека у Жэневе таксама прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі. У канцы працы сесіі было разгледжана пытанне аб падаўжэнні мандата Групы незалежных экспертаў па правах чалавека ў Беларусі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Офіс.






