BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Маршалак польскага Сойму адправіўся з візітам у Літву

Фота: PAP

З першым афіцыйным замежным візытам маршалак польскага Сойму  адправіўся ў Літву. Шымон Галоўня сустрэнецца ў Вільні  з літоўскімі ўладамі і палякамі, якія там жывуць.

Сёння палітык сустрэнецца  з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманітэ і старшынёй літоўскага парламента Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн. Перамовы будуць датычыць як двухбаковых адносінаў, так і становішча польскай меншасці ў Літве і літоўскай меншасці ў Польшчы, а таксама пытанняў, звязаных з ваюючай Украінай.

Дарадца сьпікера Сэйму Літвы Аляксандр Радчанка паведаміў “Польскаму радыё”, што візіт маршалка Галоўні з’яўляецца сімвалам таго, што палітыка Варшавы ў дачыненні да Вільні і супольнага польска-літоўскага стратэгічнага партнёрства не змяняецца.

“З улікам таго, што бяспека Літвы і краін Балтыі грунтуецца на Польшчы, як асноўнай апоры абароны на ўсходнім флангу NATO, гэты візіт з’яўляецца вельмі важным сігналам”, – тлумачыць ён.

У Вільні Шымон Галоўня сёння таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі польскай меншасці, а заўтра са студэнтамі Віленскага ўнівэрсітэту. Ён таксама наведае памятныя месцы на могілках у Антаколі і Росах.