Маршалак Сейму Польшчы Шымон Галоўня наведвае Украіну. Гэта першы візіт спікера польскага Сейму з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 году, паведамляе sejm.gov.pl.

Візіт пачаўся з ускладання кветак да сцяны памяці герояў расейска-ўкраінскай вайны. Маршалка суправаджала намесніца старшыні Вярхоўнай Рады Украіны Алена Кандрацюк. Затым Шымон Галоўня наведаў сядзібу Вярхоўнай Рады, каб сустрэцца з яе старшынём Русланам Стэфанчуком. Падчас сустрэчы маршалак Сейма падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва на парламенцкім роўні, а таксама на роўні камітэтаў.
Таксама адбылася сустрэча маршалка Шымона Галоўні з Уладзімірам Зяленскім. Прэзідэнт Украіны падзякаваў Польшчы за дапамогу і падтрымку ў многіх сферах, якія хвалююць Украіну (у прыватнасці, уступленне Украіны ў Еўразвяз). У сваю чаргу маршалак Галоўня выказаў сваё захапленне мужнасцю і гераізмам украінскага народа.
На сустрэчы таксама абмяркоўваліся падрыхтоўка да падпісання двухбаковага пагаднення аб бяспецы і вынікі міжнароднай канферэнцыі па міры ва Украіне, якая прайшла ў Швейцарыі.