BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра дзве дыктатуры

Зайшла я тут на адно прапагандысцкае СМІ, а там паведамленне, што Цэнтрвыбаркамы Беларусі і Туркменістана зацікаўленыя ў развіцці супрацоўніцтва. Тут цудоўна ўсё: і спалучэнне двух дыктатур, і цэнтрвыбаркамы гэтых краін, якія даўно не выконваюць свае функцыі, а толькі гавораць патрэбныя лічбы. Выбараў, што ў Беларусі, што ў Туркменістане, даўно няма. Увогуле Беларусь з Туркменістанам можа спаборнічаць, дзе большая дыктатура.

Здымак ілюстрацыйны / cis.minsk.by

Некалькі слоў пра Туркменістан. З 2006 года краінай кіруе сям’я Бердымухамедавых. Спачатку да 2022 прэзідэнтам быў Гурбангулы, потым ягоны сын – Сердар. Адсюль поўны набор, які характэрны для дыктатур: наяўнасць палітвязняў у краіне, татальны кантроль СМІ, адсутнасць міжнародных праваабарончых арганізацый, пераслед грамадзян. А яшчэ гавораць, што ў часы прэзідэнцтва Гурбангулы ў Туркменістане абавязалі ўсіх мужчын, якія старэйшыя за 40 год, прыходзіць на працу з сівымі валасамі, як Бердымухамедаў. Студэнтам загадалі насіць з сабой адну з 60 кніг Бердымухамедава, а жанчын браць прыклад з маці Бердымухамедава і забаранілі чыноўніцам фарбаваць пазногці. У 2022 годзе Гурбангулы правёў пазачарговыя псеўдавыбары, у выніку якіх прэзідэнтам стаў ягоны сын. Сердар дэмакратам не толькі не стаў, а яшчэ больш стаў рабіць жыццё грамадзян нязносным. Адразу пасля таго, як стаў прэзідэнтам, забараніў жанчынам нарошчваць вейкі, калоць ботакс, рабіць татуаж броваў, фарбаваць валасы і садзіцца на пярэдняе сядзенне аўтамабіля.

Беларускім жанчынам яшчэ можна фарбаваць валасы і садзіцца на кожнае сядзенне ў аўтамабілі, аднак, як той казаў, яшчэ не вечар. Невядома, да чаго прывядзе развіццё супрацоўніцтва паміж ЦВК Беларусі і Туркменістана. Але дакладна не да дэмакратычных пераўтварэнняў.

Беларускае Радыё Рацыя