Памятаеце Марыну Васілеўскую? Тую самую касманаўтку, пра палёт якой у космас прапагандысты і дзяржаўныя СМІ вяшчалі з кожнай дзіркі.

Пісалі і пра тое, што “Касмічны экіпаж з Васілеўскай здзейсніў пасадку на Зямлю”, і што “аднаўленне Васілеўскай ідзе актыўна”, і што “Васілеўская і Навіцкі прыбылі ў Зорны гарадок”, і што “бацькі Васілеўскай падзяліліся эмоцыямі ад вяртання дачкі на Зямлю”, і нават пра тое, што Лукашэнка сказаў пра вяртанне з арбіты касманаўта Марыны Васілеўскай”. А колькі навін было пра тое, як яна рыхтавалася да палёту, як спачатку не паляцела, а потым усё ж такі паляцела. Такое адчуванне было, што Марына Васілеўская сама сканструявала ракету, прыдумала для яе паліва і сама кіравала палётам на арбіту. Беларускія дзяржаўныя СМІ паведамлялі ледзь не пра кожны ўздых Васілеўскай. І вось цяпер Марына Васілеўская зноў з’явілася на арбіце. Толькі не на арбіце зямлі, а на арбіце прапагандыстаў. Напярэдадні выбараў яе выкарыстоўваюць напоўніцу. Цяпер яна ездзіць па навучальных установах у межах праекта “Дзелай как НАДО”. У Гомелі са студэнтамі нават арыгамі ў выглядзе ракет запускала. Лепей бы яна запусціла ў ракеце ў космас аднаго чалавека. Уся б нацыя ўздыхнула б з палёгкай. А ўвогуле пасля гэтага НАДА Марына Васілеўская ўвойдзе ў гісторыю не як касманаўтка, а як самая звычайная прапагандыстка.






