
Цяжка падабраць словы да той падзеі, якая плануецца на канец студзеня. Афіцыйна ўлады Беларусі называюць гэта выбарамі. Але ў рэальнасці гэта далёка не выбары. І нават не выбары-дурыбары, як было калісьці. Ва ўмовах рэпрэсій і тэрору насельніцтва, татальнага страху, наяўнасці тысячаў палітзняволеных і сотняў тысячаў эмігрантаў падзею напрыканцы студзеня дакладна нельга назваць выбарамі. Гэта невядома што. І праводзіцца невядома для чаго. Незалежна ад вынікаў рэзультаты гэтага невядома чаго ўжо вядомыя цяпер. Цынічная кампанія саміведаецекаго, якая ніякіх надзей на лепшае не прынясе.
Затое распачаліся выступы кандыдатаў, якіх таксама цяжка назваць кандыдатамі, на радыё і тэлебачанні. Бо ў невядомы ў чым не можа быць кандыдатаў. Можа быць, статысты. Статысты невядома чаго, якія будуць выступаць у невядома чым і невядома дзеля чаго. А калі быць больш дакладным, то чатыры статысты і саміведаецехто. І гэтыя статысты будуць спрабаваць ствараць бачнасць нейкага палітычнага працэсу. І некаторыя нават (зразумела, дзеля сваёй бяспекі) будуць рабіць выгляд, што вераць ва ўсё гэта. Аднак які б выгляд не рабілі і што не спрабавалі зрабіць статысты, невядома што апрыёры не можа быць цікавым.
Беларускае Радыё Рацыя






