
Улады Беларусі, відаць, вырашылі ўсё перавярнуць з ног да галавы. Яны цяпер спрабуюць чорнае назваць белым, а белае чорным. Як вядома, саміведаецекаго дэмакратычным кіраўніком ніхто не назаве. Нават ён сам. А таму ўлады спрабуюць пераканаць народ, што дыктатура – гэта дабро, а дэмакратыя – зло. А дзеля гэтага то песня з’явіцца “Балада пра дыктатара”, то які псеўданавуковец выкажацца з крытыкай дэмакратыі. То бок цягам некалькіх стагоддзяў філосафы пісалі працы на карысць дэмакратыі. А тут цяперашнія ўлады Беларусі спрабуюць усё гэта перакрэсліць. Які там Арыстоцель, Лок, Мантэск’ё, Токвіль, Дзьюі, Даль ці Фукуяма. Улады Беларусі працамі падобных філосафаў сабе галаву не замарочваюць. Яны прызвычаіліся, што ўсё выконваецца па загадзе, то і тут вырашылі дзейнічаць так жа сама. Калі трэба які дэкрэт выпусцяць. Ці падручнік напішуць з крытыкай дэмакратыі.
Вось нядаўна гісторык Сініцын выказаўся наконт дэмакратыі ў старажытнай Грэцыі. Маўляў, гэта была дэмакратыя рабаўладальнікаў. А яшчэ больш гісторык Сініцын радуецца, што падобную думку выказваў і сам Сталін. Сініцын тут і падручнік па палітэканоміі згадаў. Карацей, увесь набор для настальгуючых па савецкім мінулым. Засталося яшчэ аднавіць адмысловыя курсы ва ўніверсітэтах і помнік Сталіну паставіць у Менску. Што праўда, дэмакратыя і не такіх дыктатараў перажыла.
Беларускае Радыё Рацыя