
Рыбак рыбака бачыць здаляка. Беларусь і Кітай падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, мемарандумам прадугледжвае супрацу ў лічбавай трансфармацыі: у сферы воблачных тэхналогій, штучнага інтэлекту, лічбавай медыцыны, падрыхтоўкі кадраў і гд. Таксама плануецца ўзаемадзеянне па развіцці разумных гарадоў, стварэнне супольных вытворчасцяў высокатэхналагічнай прадукцыі і г.д. Увесь гэты набор прыгожых фраз у нейкай бы ступені мог абнадзеіць, каб гаворка ішла пра дзве дэмакратычныя краіны, дзе правы чалавека і прыватнасць маюць хоць нейкую каштоўнасць. Але – увага – мемарандум аб узаемаразуменні ў вобласці ІКТ падпісалі дзве дзяржавы, якія і так цудоўна разумеюць адна адну. І там, і там існуе жорсткая інтэрнэт-цэнзура з блакаваннем інфармацыйных сайтаў і адказнасцю за крытыку ўраду.
І ў Беларусі, і ў Кітаі за няправільныя лайкі ў некаторых сацсетках па галаве таксама не пагладзяць. Разам з тым, як той казаў, няма мяжы да ўдасканалення. Беларусі яшчэ далёка да сістэмы масавага сачэння ў КНР, якое забяспечваецца як мільёнамі відэакамер на кітайскіх вуліц, так і спецыяльнымі праграмамі для мабільных тэлефонаў, у якіх, напрыклад, адсочваецца рух грамадзян у рэжыме рэальнага часу. Мільёны камер – гэта, вядома, для змагання са злачыннасцю, хаця часта і дапамагае гэта ў супрацьдзеянні масавым пратэстам. А яшчэ ў Паднябеснай уведзеная Сістэма сацыяльнага рэйтынгу грамадзян – па нашаму гэта абагульненая база, дзе сабраная ўся інфармацыя пра чалавека: ад парушэнняў правіл дарожнага руху і негатыўнай крэдытнай гісторыі да паводзінаў дзіцёнка ў школе. Той, хто не адпавядае патрабаванням сістэмы, становіцца грамадзянінам другога гатунка з усімі вынікаючымі. Вось дзе падвучыцца Беларусь можа ў Кітая. Сышліся два таталітарызмы ў экстазе.
Беларускае Радыё Рацыя





