BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра “ТГBY альбо InstaBY”


Часам лепей маўчаць, чым гаварыць. Але гэта не пра так званых народных абраннікаў, якіх насамрэч наўрад ці хтосьці выбіраў. Тым не менш эксцэнтрычныя суб’екты з так званай палаты прадстаўнікоў час ад часу выступаюць, нешта там заяўляюць, прымаюць нейкія законы. Словам, пэўныя целарухі ад іх ідуць.

Адзін дэпутат ад Рэчыцы на фоне затрымання ў Парыжы стваральніка месенджара Тэлеграм Паўла Дурава загаварыў пра свабоду слова. Маўляў, пяройдзе цяпер тэлеграм пад кантроль заходніх спецслужб, што ставіць пад пагрозу “аператыўнае давядзенне інфармацыі”. І, каб не пацярпець ад “варожай цэнзуры”, гэты чалавек прапанаваў сваё рашэнне. “У такіх умовах трэба задумацца пра стварэнне “ўласных незалежных інтэрнэт-платформ… Напрыклад, ТГBY альбо InstaBY, якія кожны беларус мог бы выкарыстоўваць без рызыкі, што яго ўзламаюць альбо заразяць інтэрнэт-вірусам”. І па старой завядзёнцы прапанаваў браць прыклад з Кітая. Канешне, з Кітая. Адкуль жа яшчэ! Вось дзе апірышча дэмакратыі з кантраляванымі сацсеткамі і страшэннай цэнзурай. Хаця чаго тут спыняцца. На тым праклятым Захадзе не толькі сацсеткі ствараюць, там яшчэ – які жах – штаны носяць. Раім дэпутату ад Рэчыцы адмовіцца ад штаноў, каб не рызыкаваць сваёй незалежнасцю. Зрэшты, пагугліўшы інфармацыю пра гэтага самага дэпутата, не знайсці нічога вартага, што ён зрабіў. Акрамя таго, што, атрымаўшы мандат, на фотаздымках у яго зніклі змаршчынкі і мяшкі пад вачыма. Ён, відаць, разлюбіў Інстаграм за тое, што той захоўвае памяць пра ягоныя змаршчынкі.

Беларускае Радыё Рацыя