Калі няма чаго адказаць, то арыштоўваюць нават за кропку. Аўтар кнігі “Канец гісторыі і апошні чалавек” Фрэнсіс Фукуяма, які сцвярджаў, што ліберальная дэмакратыя заходняга ўзору перамагае, усё ж паспяшаўся. Нябожчык, аўтарытарызмы-таталітарызмы розных адценняў, хутчэй жывыя, чымся мёртвыя.

У Іране папулярнага блогера Хасэйна Шахбензадэ асудзілі на 12 гадоў турмы за твіт з адной кропкай. Гэты пост (з адным толькі знакам у выглядзе кропкі) Хасэйн паставіў у адказ на паведамленне вярхоўнага лідара Алі ХамеЭі, які апублікаваў спачуванні з нагоды смерці прэзідэнта Раісі ў крушэнні верталёта. І, што вы думаеце, пост блогера лайкнулі іранскія карыстальнікі больш разоў, чым поўныя кракадзілавых слёз радкі аяталы. Канешне, такога пільныя іранскія органы прапусціць не маглі. Каб, скажам, лайкнулі пост аўтарства Хаменэі больш разоў, то яшчэ, можа быць, пранесла б блогера. А тут пунктуацыйны знак “кропка” набраў куды больш лайкаў за думкі “аўтарытэтнага” аяталы. Адразу бачна, што ўладу ў Іране народ любіць. Ды так, што адразу аўтара крамолы арыштавалі і пасадзілі, накідаўшы зверху цэлы букет справаў за “абразу”, за “распаўсюд ілжывай інфармацыі”, за “абразу мусульманскай святыні”. Карацей, поўны набор. Не хапае толькі “чараўніцтва”, пропуска намАзу без паважлівай прычыны і спажывання свініны. Зрэшты, ад тых таварышаў і не такога дачакаешся.
Беларускае Радыё Рацыя
Беларускае Радыё Рацыя