
У Беларусі прызначылі выбары. Гэта даўно ўжо не выбары-дурыбары, як было дагэтуль. Памятаеце, гэта дурны ролік ад БРСМ, дзе яны казалі: “Я іду на выбары, выбары-дурыбары”. І і не выбары, і не дурыбары, і не іду. Калі раней можна было выказацца негатыўна ў каментарыях ці паставіць лайк, то цяпер нават гэтага зрабіць немагчыма. За апошні электаральны цыкл Беларусь скацілася да таталітарызму. І гэта не пафаснае слова, а, на жаль, рэальнасць. Калі за фота 4 гадавой даўніны затрымліваюць і прымушаюць публічна каяцца, калі за падпіскі на розныя чаты арыштоўваюць на доўгі тэрмін, калі за салідарнасць з іншымі караюць буйнымі штрафамі, калі забароненыя любыя крытычныя каментарыі і лайкі, калі падазрэнне выклікаюць бела-чырвоныя стужкі, то гэта ўжо зусім не смешна.
2020 год яўна паказаў, што на выбарах можа быць толькі адзін выбар. А за ўсе астатнія магчымасці можна апынуцца ў турме ці вымушанай эміграцыі. А таму выбары ў Беларусі ў 2025 — гэта нават не фарс. Гэта ўжо трагедыя. Усе не толькі ўсё разумеюць, але яшчэ і баяцца. І гэта першая прэзідэнцкая электаральная кампанія, якая адбудзецца без апазіцыі ўвогуле. Проста не Беларусь, а Туркменістан нейкі са сваім бердымухамедавым.
Беларускае Радыё Рацыя






