BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыля Загорская пра выбары ў стылі Пакемон Гоў

Здымак ілюстрацыйны

Чым далей у лес, тым болей дроў. Чым бліжэй да выбараў у Беларусі, тым болей маразму. Улады Сінявокай вырашылі падключыць да выбараў усіх, каго толькі можна. Нават дзяцей. Добра, што яшчэ не немаўлят. Беларускі праўладны прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы Цэнтральнай выбарчай камісіі выпусціў для малодшага школьнага ўзросту выданне “Вандроўка ў краіну выбараў”. У выданні дзецям прапаноўваецца не проста даведацца пра тое, што такое выбары, а выканаць адмысловыя заданні. Адно з іх – злавіць монстра, які спрабуе сарваць выбары Прэзідэнта. Не заданне, а проста гульня „Пакемон Гоў“, толькі замест пакемонаў трэба лавіць міфічных парушальнікаў таталітарнага рэжыму! І галоўная прэмія за гэта – новая мятла ад Цэнтрвыбаркама. Добра, што спаліць не прапаноўваюць, а толькі злавіць монстраў. Хаця яшчэ не вечар. Тым болей як напісана ў прапагандысцкім выданні прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, – “прэзідэнт – гэта чалавек, які клапоціцца пра грамадзян Беларусі, пра мяне і цябе, пра нашых родных і бацькоў”. Ага, так клапоціцца пра ўсе дробязі, што за нас вырашае, што есці, як размаўляць, як радавацца і нават, што чытаць і глядзець. Ну, добра, што як у савецкія часы не распавядаецца яшчэ пра прэзідэнта як пра бацьку ўсіх дзяцей. І на тым, як той казаў, дзякуй.

Беларускае Радыё Рацыя