
Мільярдэр і кіраўнік Дэпартамента эфектыўнасці ўрада ЗША (DOGE) Ілан Маск прапанаваў увесці санкцыі супраць дзесяці найбуйнейшых украінскіх алігархаў. Датычна якіх менавіта алігархаў трэба ўвесці абмежаванні, бізнесмэн не ўдакладніў.
«Увядзіце санкцыі супраць дзесяці найбуйнейшых украінскіх алігархаў, асабліва тых, у каго ёсць асабнякі ў Манака, і гэта неадкладна спыніцца. Вось ключ да разгадкі», – напісаў Маск у X. Так ён адказаў на публікацыю, у якой аўтар размясціў відэа разгорнутага перад Белым домам велізарнага ўкраінскага сцяга і задаўся пытаннем, хто фінансаваў гэтую акцыю і колькі яна каштавала.
Ілан Маск таксама паведаміў, што сістэма спадарожнікавага інтэрнэту Starlink – гэта «касцяк украінскай арміі». Паводле яго слоў, адключэнне сістэмы прывядзе да краху лініі фронту ЗСУ. Украінскія падраздзяленні выкарыстоўваюць Starlink для камунікацыі ў зоне баявых дзеянняў.
У 2021 годзе ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да ўкраінскага бізнесоўца Ігара Каламойскага і яго сям’і. Прадпрымальніка звінавацілі ў карупцыі на пасадзе губернатара Днепрапятроўскай вобласці Украіны ў 2014-2015 гадах. У лютым 2025 года Washington Mail са спасылкай на крыніцы пісала, што ЗША разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць мэра Адэсы Генадзя Труханава. Амерыканскі бок мяркуе, што мэр звязаны з адэскай злачыннай групоўкай, а таксама валодае вялікай колькасцю акцый у чатырох афшорных кампаніях.
Беларускае Радыё Рацыя






