У Іране падчас эканамічных пратэстаў загінулі як мінімум 35 чалавек, яшчэ больш за 1 200 былі затрыманыя. Пра гэта паведамляе выданне The Washington Times са спасылкай на дадзеныя праваабаронцаў.

Паводле інфармацыі Human Rights Activists News Agency, сярод загінулых — 29 удзельнікаў пратэстаў, чацвёра дзяцей і двое прадстаўнікоў іранскіх сіл бяспекі. Пратэсты працягваюцца ўжо больш за тыдзень.
The Washington Times адзначае, што гэтая праваабарончая арганізацыя мае сетку актывістаў унутры Ірана і раней неаднаразова падавала дакладную інфармацыю падчас масавых хваляванняў у краіне. У той жа час паўафіцыйнае іранскае агенцтва Fars, якое лічаць блізкім да Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, паведаміла, што ў выніку дэманстрацый пацярпелі каля 250 паліцэйскіх і 45 байцоў фарміравання «Басідж».
Нагадаем, у Іране адбываюцца найбуйнейшыя за апошнія тры гады пратэсты. Яны выкліканыя, у тым ліку, рэзкім ростам інфляцыі і абясцэньваннем нацыянальнай валюты. Паводле паведамленняў СМІ, у горадзе Лордэган сілавікі адкрывалі агонь па пратэстоўцах, ёсць загінулыя. Масавыя беспарадкі хутка распаўсюджваюцца па ўсёй краіне, да іх далучыліся і студэнты ўніверсітэтаў Тэгерана.






