BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Маўчанне Лукашэнкі пра Іран – «хто гэта зрабіў»?

Лукашэнка маўчыць пра Трампа, бо разумее – «усё, што вы скажаце, можа быць выкарыстана супраць вас».

Давайце ўзгадаем, як Аляксандр Лукашэнка ў свой час выказваўся пра смерць лівійскага лідара Мамара Каддафі. «Яго разарвалі на кавалкі», «Гэта дзікунства», «Яны паказалі, як абыходзяцца з кіраўнікамі дзяржаў». Падзенне кожнага дыктатара – Каддафі, Садама Хусейна, Мілошавіча – суправаджалася зацятай антызаходняй рыторыкай і абвінавачваннямі.

Але зараз, пасля гібелі духоўнага лідара Ірана, краіны – стратэгічнага саюзніка афіцыйнага Менска, Лукашэнка маўчыць.

Фармальна кажучы, накіраваў спачуванне ў сувязі з смерцю аяталы Хаменеі. Але што сказана ў гэтым дакуменце? «З глыбокім болем і смуткам у Рэспубліцы Беларусь успрынялі трагічную навіну аб гібелі вярхоўнага лідара Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Хаменеі ў выніку вераломнай атакі», – гаворыцца ў спачуванні. А хто? Хто ўчыніў гэтую вераломную атаку? Хто даў загад на гэтае забойства? Імя! Назаві імя!

Не называе Лукашэнка імя таго, каго зараз яму нязручна крытыкаваць – Дональда Трампа. Бо ведае, што тут, як у амерыканскіх фільмах – «усё, што вы скажаце, можа быць выкарыстана супраць вас». Таму нават Лукашэнка са сваім нястрыманым характарам разумее, што ёсць сітуацыі, калі лепей прамаўчаць.

І ён па сутнасці маўчыць, пакідаючы магчымасць пабрахаць на Амерыку беларускім прапагандыстам, якія ў сілу свайго ўзроўню могуць нават, як Азаронак, крычаць «Алах акбар».

Заўважце, як ЗША змянілі правілы гульні ў сваіх апошніх ваенных аперацыях. Раней у канфліктах апрыёры мелася на ўвазе, што кіраўнікоў не кранаюць да апошняга. А зараз, вось ужо другі прыклад – Венесуэла і цяпер Іран – калі менавіта кіраўнікі дзяржаваў становяцца першай мішэнню.

І як бы гэта іранічна для многіх не гучала, але Лукашэнка на самой справе вельмі баіцца «нападу», сілавога звяржэння. Мы смяемся з з ягоных шматлікіх словаў на гэты конт, але ён жа не прыкідваецца, сапраўды накідвае на сябе такі сцэнар.

І ён напэўна не можа да канца «раскусіць» Трампа. Як яму ставіцца да амерыканскага прэзідэнта? З аднаго боку, амерыканскі трэк вельмі патрэбны афіцыйнаму Менску для хоць нейкай процівагі супраць непрадказальнага Пуціна і расейскага ўплыву. З іншага боку, невядома ж, што ў выніку чакаць ад гэтага Трампа. Сёння ён называе цябе паважаным лідарам, а заўтра можа даць загад на тваё знішчэнне.

Віталь Цыганкоў