BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менск-Бруселю: Давайце ўжо мірыцца

Беларускія ўлады будуць ўсё больш настойліва шукаць варыянты размарозкі адносінаў з «еўрапейскімі партнёрамі».

Міністр замежных спраў Беларусі лічыць, што Еўрапейскі звяз пакуль не адрэагаваў на вызваленне часткі палітвязняў у краіне. Пра гэта Максім Рыжанкоў заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» 9 сакавіка.

Сцягі краін Еўразвязу.

На думку кіраўніка МЗС, санкцыі ў дачыненні да Беларусі не прынеслі вынікаў, і Еўразвяз гэта разумее, але не можа прызнаць памылку.

«Палітычны лад у Беларусі і Расеі не змяніўся. Улада толькі яшчэ больш кансалідавалася вакол сваіх лідараў і вакол тых грамадскіх аб’яднанняў, якія сфармавалі базіс грамадскага развіцця дзяржаў», – кажа Рыжанкоў.

Беларусь вызваліла некаторых палітвязняў і цяпер чакае рэакцыі ад ЕЗ, заявіў ён.

Як мне падаецца, словамі Рыжанкова афіцыйны Менск вырашыў чарговы раз штурхануць еўрапейцаў напярэдадні запланаванага на наступны тыдзень візіту ў Менск спецыяльнага пасланніка ЗША ў Беларусі Джона Коўла, які прыбудзе ў Вільню 18 сакавіка, пасля чаго накіруецца ў Менск. З вялікай доляй верагоднасці можна прагназаваць, што вынікам візіту Коўла ў Менск зноў стане вызваленне пэўнай партыі палітвязняў – так было заўсёды, калі ў Беларусь прыязджаў гэты пасланнік Белага Дома.

І калі на амерыканскім трэку ў Лукашэнкі ёсць пэўныя поспехі, то адсутнасць хоць нейкага прагрэсу на еўрапейскім дыпламатычным фронце відавочна раздражняе беларускія ўлады. Пэўны час яны, магчыма, спадзяваліся, што Еўразвяз услед за ЗША зменіць адносіны з афіцыйным Менскам, але гэтага не адбылося.

«Калі супрацоўніцтва будзе ці павінна насіць узаемавыгадны характар, дык давайце разам рабіць нейкія крокі. Не бывае такой мантры: «Вы павінны, вы павінны, вы павінны», – кажа зараз міністр Рыжанкоў.

У перакладзе з мовы Рыжанкова гэта азначае, што Еўразвяз павінен сам пачаць рабіць нейкія саступкі перад Менскам. А з чаго бы? Еўропе няма сэнсу абменьваць санкцыі супраць Беларусі на нейкія разавыя саступкі, бо санкцыі былі ўведзеныя з некалькіх фундаментальных прычын – масавыя рэпрэсіі, падтрымка Менскам агрэсіі Расеі супраць Украіны, гібрыдная вайна шляхам мігранцкага крызісу на мяжы.

Па-другое, якія козыры кіраўніцтва Беларусі мае, каб націснуць на Еўразвяз? Асабліва ніякіх. Транзіт тавараў? Дык транзіт Беларусь павінна забяспечваць хаця б таму, што гэта патрэбна Кітаю і Расеі.

І выглядае, што на фоне вайны ў Іране і верагоднай паразы гэтага саюзніка Расеі афіцыйны Менск будзе ўсё больш настойліва шукаць варыянты размарозкі адносінаў з «еўрапейскімі партнёрамі». Але Брусель пакуль не збіраюцца рэагаваць на гэтыя рытуальныя заклінанні, патрабуючы ад Беларусі канкрэтных дзеянняў.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя