BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менск спадзяецца на паслабленне санкцыйнай палітыкі

Лукашэнка намёкамі зноў гаворыць пра так званую здзелку, толькі цяпер не толькі ў кантэксце Амерыкі, але і Еўропы. З Менску сігналізуюць, што працэс варта працягваць. Заявы прагучалі ў выступленнях на форуме па бяспецы, які збіралі ў беларускай сталіцы.

Фота з Фэйсбука Аляксандра Класкоўскага

Такія заявы паўтараюцца, прасочваецца надзея уладаў у Менску, што Трамп націсне на Еўропу і яна таксама паслабіць ціск. Каментуе палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі:

-Каб тая аслабіла санкцыі і пайшла тым жа шляхам торгу палітычнага, якім ідзе цяпер каманда Трампа. Але ці атрымаецца, сказаць цяжка, асабліва ў выпадку такіх краін, як Літва і Польшча. Таму што яны, як суседзі Беларусі і суседзі Расеі, настроены асабліва радыкальна ў гэтым плане.

І Еўропа і ЗША важныя гульцы ў палітыцы Беларусі. Хоць зараз еўрапейская пазіцыя выглядае нават больш жорсткай, ці амерыканскі падыход на гэта можа паўплываць, адказвае палітолаг Аляксандр Класкоўскі:

-Трамп – гэта дзейная фігура, Амерыка – самая вялікая і моцная дзяржава. І ўплыў на Еўропу гэта можа мець. Наколькі я ведаю, цяпер з еўрапейскіх краін зачасцілі эмісары, эксперты ў Менск, якія вядуць там пакуль што закулісныя, нават не перамовы, а зандаж глебы. Таму амерыканскі досвед Еўропа вывучае і магчыма нейкія зрухі ў яе пазіцыі  таксама будуць.

Пра тое, што Беларусь гатова заключыць так званую вялікую здзелку з ЗША пачаліся размовы ў сярэдзіне кастрычніка, цяпер чарговы раз іх працягвае Аляксандр Лукашэнка. У Менску чакаюць паслабленне санкцыйнай палітыкі ў абмен на вызваленне беларускія палітвязняў з турмаў.

Беларускае Радыё Рацыя