«Расея павінна быць ізаляваная ў міжнароднай прасторы. Нельга паціскаць руку забойцу, які знішчае сваіх палітычных апанентаў», — заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, перадае LRT.
У суботу ў часе Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы адбылася дыскусія аб абароне ўсходняга фланга НАТО. Гітанас Наўседа заявіў, што для ўтаймавання імперыялістычных амбіцый Расеі і забеспячэння доўгатэрміновага міру ва ўсім свеце неабходна ізаляваць гэтую краіну ў міжнароднай супольнасці, скараціць яе здольнасць фінансаваць вайну.
« Месца Пуціна — у Гаагскім судзе. Па-другое, нам трэба як мага больш інвеставаць у нашу абарону. НАТО павінна быць мацней, чым калі б там ні было. Па-трэцяе, мы павінны абмежаваць эканамічныя магчымасці крамлёўскага рэжыму фінансаваць вайну», — заявіў прэзідэнт Літвы.
Паводле яго слоў, супрацоўніцтва з краінай-агрэсарам павінна быць спынена ва ўсіх сферах, ад сферы тэхналогій да культуры.