BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мігранты на беларуска-польскай мяжы: што далей?

Польскі бок адзначае рост міграцыйнага ціску на мяжы з Беларуссю ў сувязі з паляпшэннем надвор“я. І хоць колькасць мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Еўразвяз, адносна невялікая, істотна змяніліся самі мігранты. Тым часам Польшча працягвае ўзмацняць сваю ўсходнюю мяжу. Падрабязней пра гэта – у каментары Рацыі.

Фота: X (Twitter)/Stanisław Żaryn.

Польскія ўлады звяртаюць увагу на рост міграцыйнага ціску з боку Беларусі пасля зімовага зацішша. У апошнія дні памежная служба Польшчы дае інфармацыю пра некалькі дзясяткаў штодзённых спроб нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. Гэты рост у параўнанні з асобнымі выпадкамі ў халодныя месяцы года сапраўды заўважны і тлумачыцца паляпшэннем надвор“я, але таксама і адсутнасцю дажджоў, што спрыяе пераходу забалочаных тэрыторый.

Аднак гэты рост не ёсць нейкім крытычным. Дый мігранты, напэўна, ходзяць збольшага тыя самыя. Гэта ўжо не тыя сем“і і жанчыны з дзецьмі, якія сапраўды, падманутыя рэжымамі, шукалі ратунку ад сваіх бедаў і шляхоў да лепшага, больш заможнага, заходняга жыцця. Цяпер мігранты пераважна прадстаўлены маладымі крэпкімі мужчынамі, якія паводзяць сябе агрэсіўна, кідаюць у польскіх ахоўнікаў мяжы камяні, галіны, выкрыкваюць абразы і так далей. Гэта наводзіць на думку, што такія групы мігрантаў верагодна адмыслова сфарміраваныя і праінструктаваныя.

Міграцыйны крызіс, магчыма, будзе паступова сыходзіць у гісторыю. Не ад заўтра, але ў не так далёкай перспектыве. Яго штучнае стварэнне перастала адыгрываць сваю галоўную ролю. У 2021, у самым яго разгары, Лукашэнка па-першае, помсціў краінам Захаду за тое, што яго чарговы раз не прызналі, за тое, што прымаюць беларускіх уцекачоў, за тое, што ўводзяць супраць афіцыйнага Менску санкцыі. Суседнія краіны, Польшча і краіны Балтыі, сталі галоўнай мэтай гэтай гібрыднай атакі. Таксама ў стварэнні праблем для Захаду заўсёды зацікаўленая Расея, у гэтым рэжымы ў Менску і Маскве таксама падобныя. На сёння Лукашэнка ды яго падначаленыя, якія час ад часу кідаюць нейкія ўскосныя намёкі пра патрэбу наладжвання стасункаў з Захадам, магчыма, ужо і не зацікаўленыя ў нагнятанні сітуацыі.

Але… Калі спыніць гэтую гібрыдную атаку на межах Еўразвязу, то той жа Лукашэнка будзе тым, хто прайграў гэтую бітву. Таму, каб не згубіць «твару», гэты міграцыйны крызіс падтрымліваецца на нейкім стандартным узроўні. І другі момант, зноў жа Пуцін. Не выключана, што менавіта з яго падачы гэты крызіс надалей працягваецца, а якраз Пуцін у ім надзвычай зацікаўлены. Гэта яго жывёльная патрэба.

Пакуль жа тая ж Польшча працягвае ўзмацняць свае ўсходнія межы і межы Еўразвязу, рэалізуючы амбітную праграму «Шчыт Усход», накіроўваючы на ахову мяжы вайскоўцаў і дадатковыя сродкі. І справа тут даўно не толькі і не столькі ў мігрантах, колькі ў тым, што афіцыйная Беларусь – хаўрусніца Расеі, суагрэсар у вайне супраць Украіны, а тэрыторыя Беларусі – патэнцыйны плацдарм для размяшчэння расейскіх вайсковых баз.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя