Стварыць з маладых эмігрантаў-беларусаў Беларускі добраахвотніцкі міратворчы корпус прапаноўвае нядаўна вызвалены з лукашэнкаўскіх засценкаў палітык Мікалай Статкевіч.

Некалькі дзён таму ён апублікаваў вялікі артыкул, у якім прагназаваў расейскую атаку на краіны Захаду з тэрыторыі Беларусі. Стварыць Беларускі корпус ён прапаноўвае ў якасці меры супрацьдзеяння гэтай пагрозе.
Статкевіч адзначае, што на тэрыторыі Польшчы ў вымушанай эміграцыі знаходзяцца тысячы маладых беларусаў, якія прайшлі вайсковую падрыхтоўку. З іх і прапануецца стварыць баявую часць.
Таксама задачай корпуса ён называе супрацьдзеянне спробам расейскай агрэсіі супраць краін Балтыі з тэрыторыі Беларусі. На думку Статкевіча, вайсковая адзінка, якая будзе пагражаць з тылу, прымусіць расейскіх мілітарыстаў адмовіцца ад сваіх агрэсіўных планаў наконт краін Балтыі.
“Таксама задачай корпуса будзе сілавое змушэнне Масквы да вываду сваёй ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі”, — лічыць ён.
Беларускае Радыё Рацыя






