Напярэдадні выбараў у Каардынацыйную Раду чацвёртага склікання, якія павінны прайсці ў траўні 2026 году, пачалося вылучэнне прадстаўнікоў. На гэтым фоне ў беларускай дэмакратычнай супольнасці зноў актыўна абмяркоўваюць ролю і ўплыў гэтага органа.

Ці здольная Каардынацыйная Рада стаць пляцоўкай для рэальнага палітычнага прадстаўніцтва беларусаў і якія чаканні звязваюць з новай выбарчай кампаніяй — разважае былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок:
– Любыя мала-мальскія жывыя палітычныя органы на сённяшні момант карысныя. У 2020 годзе мы былі пераможаныя ў аграмаднай ступені з-за недахопу арганізацыі, арганізаванасці. Зараз мы ўжо ў эміграцыі. Сітуацыя зусім іншая. Але сам факт, што мы вучымся слухаць адзін аднаго, праводзім дэмакратычныя працэдуры, як выбары, і ў нас ёсць структуры, мы ў эміграцыі не нейкая аморфная, неарганізаваная маса, – і гэта я разглядаю як плюс.
Па словах Міколы Дзядка, ён нават хоча прагаласаваць на выбарах у Каардынацыйную Раду:
– Я планую ўважліва вывучыць усе іхнія праграмы. Я прагаласую за тых, хто найбольш паслядоўна адстойвае месца Беларусі ў Еўразвязе і НАТА ў будучыні, хто паслядоўна выступае за хутчэйшае далучэнне Беларусі да сям’і еўрапейскіх народаў, хто не грае вось у гэтыя непрыгожыя гульні: давайце не будзем злаваць дзеда і г.д.
У бліжэйшы тыдзень Мікола Дзядок мае намер наведаць некалькі польскіх гарадоў і паразмаўляць з беларусамі на актуальныя грамадскія і палітычныя тэмы. Пра дакладныя даты і месцы сустрэчаў Дзядок просіць сачыць у яго сацыяльных сетках.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






