Госць Беларускага Радыё Рацыя – рыцар Ордэна Багдана Хмяльніцкага, баявы афіцэр Мікола Мельнік падзяліўся сваімі думкамі наконт цяперашняга стану Украіны і яе будучыні.

Мікола Мельнік мае вялікі вайсковы вопыт. Ён абараняў дэмакратыю ва Украіне падчас рэвалюцыі Годнасці, з 2016-га па 2020-ы год у зоне АТО пад Аўдзееўкай, у 2022-ім зноў вярнуўся на вайну.
РР: Як вы бачыце ролю Украіны ў сучасных геапалітычных працэсах?
Мікола Мельнік: На гэтым этапе мы шчыт і меч дэмакратычнага свету. І адзіная гарантыя, што вайна не прыйдзе ў Еўропу да дэмакратычнага свету.
РР: А яна не прыйдзе?
Мікола Мельнік: Калі Еўропа не будзе нам дапамагаць, калі Еўропа не павялічыць у 2-3 разы падтрымку адносна 2024 года, то, на жаль, Украіна будзе змушана пайсці на перамір’е, але тады вайна прыйдзе ў Еўропу. Расейцы не спыняцца, яны не змогуць спыніць сваю вайсковую машыну.
РР: Як вы бачыце будучыню Украіны пасля заканчэння ваенных дзеянняў?
Мікола Мельнік: Гэта залежыць ад таго, як закончыцца вайна.
РР: Вы, як чалавек, які бачыў гэтую вайну сам, вы ўсё ведаеце, усе плюсы, усе мінусы, скажыце, калі ласка, якая будучыня чакае Украіну, калі глядзець на рэчы рэальна?
Мікола Мельнік: Складаная. Таму што перамір’е адназначна не будзе падабацца ні расейцам, ні ўкраінцам. Расейцы будуць рыхтавацца да новай вайны. Я спадзяюся, што мы таксама. Але я моцна перажываю, што Еўропа расслабіцца. Еўропа падумае, што гэтым дамовам можна верыць, і ў той момант, калі расейцы перабудуюць сваю армію і зноў нападуць, Украіна будзе ў больш горшым становішчы, чым у лютым 2022 года.
РР: Якую ролю, на вашую думку, адыгрываюць міжнародныя саюзы і падтрымка з боку іншых дзяржаў у абароне Украіны?
Мікола Мельнік: Вялізную, таму што без амерыканскіх і еўрапейскіх грошай і зброі мы не змаглі б пратрымацца так доўга. Мы мусім кожны дзень дзякаваць. Калі б еўрапейскія краіны і амерыканцы не прынялі нашых жонак і дзяцей, нам бы было неспакоўна ваяваць. Гэта вельмі важна знаць, што твая сям’я ў бяспецы. Таму за гэтую дапамагу украінцы павінны дзякаваць кожны дзень, гэтак жа сама, як еўрапейцы і амерыканцы кожны дзень павінны дзякаваць, што мы змагаемся за дэмакратычны свет. Бо калі мы здадзімся, то Прыбалтыка пратрымаецца нядоўга.
РР: Як вы ацэньваеце ўплыў ваенных дзеянняў на грамадзянскае насельніцтва Украіны?
Мікола Мельнік: Ёсць розныя сітуацыі. Ёсць вымушаная эміграцыя 2022 года, калі бамбілі ўсё – дзіцячыя садкі, лякарні, таму трэба было ратавацца. Калі ты ў 2023 годзе пераязджаеш, то ты проста пераязджаеш. Калі твой муж ваюе, то няма пытання. Але ты проста бярэш і пераязджаеш. Гэта трохі іншая псіхалогія. Няма якойсьці нянавісці паміж украінцамі, якія выехалі, і якія не выехалі. Украінцы не маюць прэтэнзій да жанчын і дзяцей. Але да мужчын мы маем прэтэнзіі, і я не ведаю, што мы будзем з імі рабіць.

РР: Якія, на вашу думку, асноўныя стратэгічныя памылкі былі дапушчаны ўкраінскім камандаваннем?
Мікола Мельнік: Вера ў саюзнікаў.
РР: І ўсё?
Мікола Мельнік: Статэгічна – так. Усе іншыя – тактычна.
РР: А тактычна якія памылкі?
Мікола Мельнік: Па-першае, трэба было не праводзіць контр-наступ на поўдні. Або, калі пачаць, то спыняць на трэці дзень, калі стала зразумела, што ў нас няма сіл, каб зламаць лінію абароны праціўніка. Таксама трэба было больш пільна падрыхтавацца да абароны на Куршчыне. Я лічу, што курская наступальная аперацыя выдатная, яна павінна была адбыцца. Мы мусім пераносіць вайну на тэрыторыю ворага. Але другі этап – абарона – у нас трохі не атрымаўся. І трэцяе – што Украіна не перабудавала эканоміку і грамадскае жыццё на вайсковыя рэйкі. Мы павіны былі стаць адным ваенны цягніком, ці вайсковым табарам, – як хочаце, так і назавіце. Трэба думаць, як выжыць, а мы ў футбол іграем.
РР: Вы былі за тое, каб замяніць Залужнага на Сырскага?
Мікола Мельнік: Не.
РР: Прайграла ў гэтым армія?
Мікола Мельнік: Я ніколі не быў фанатам Залужнага, я не з’яўляюся фанатам ніводнага чалавека. Але я яго паважаў за яго розум. І я разумею, што Сырскі выдатна падышоў бы да савецкай арміі 70-х гадоў, думаю, быў бы някепскім камандуючым у Аўганістане, але да сучасных выклікаў яму крыху не хапае маштабнага разумення. І яшчэ трэба дэлегаваць паўнамоцтвы, а не канцэнтраваць усё на сабе. Людзей робатаў не існуе.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя