BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мінабароны Беларусі паказала, як перакідае тэхніку да мяжы з Украінай

900-ы дзень вайны. Мінабароны Беларусі прадэманстравала відэа, як перакідваецца тэхніка да мяжы з Украінай. Гэта адбываецца пасля загаду Лукашэнкі ўзмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім кірунках.

Падраздзяленні аднаго з механізаваных злучэнняў прыведзеныя ў гатовасць да выканання задач па прызначэнні, паведаміла Мінабароны РБ. 

Тым часам выданне The Hill піша пра «бліскучы ход Украіны». Дзёрзкае наступленне УСУ ў Курскай вобласці Расеі павышае стаўкі для Пуціна, раптоўнае ўварванне “пахіснула прэстыж Пуціна”, падкрэсліваецца ў артыкуле. Навуковы супрацоўнік Інстытута Гувера Томаш Блузевіч заяўляе, што прарыў Украіны на тэрыторыю РФ прымушае расейскае войска рухацца, а яны “дрэнныя ў лагістыцы”. “Украіна, хутчэй за ўсё, выведзе войскі з Курска, але толькі пасля таго, як прымусіць Расею перакінуць некалькі брыгад, якія будуць выкарыстоўваць пазіцыі на лініі фронту”, – дадаў ён. Віцэ-прэзідэнтка аналітычнага цэнтра GLOBSEC Алена Кудзько піша, што надыходам украінцы зрабілі ход баявых дзеянняў непрадказальным і здзівілі Расею: “Украінцы з усіх сіл спрабуюць змяніць наратыў вайны… Правёўшы гэтую атаку, Украіна фактычна змагла прадэманстраваць, што ёсць прастора для таго, каб зрабіць гэтую вайну непрадказальнай, што ёсць прастора для таго, каб здзівіць Расею”. У артыкуле The Hill рэзюмуюць, што Пуцін захоўвае жорсткі кантроль над Расеяй, а іншадумства, як правіла, душыцца. Але наступ у Курскай вобласці пагражае разбурыць яго ўяўленне аб тым, што вайна знаходзіцца пад кантролем.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Мінабароны РБ