Дзяржустановы Літвы не заўсёды паслядоўна падаюць інфармацыю аб пагрозах, якія зыходзяць ад беларускай дыяспары, заявіла журналістам прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманітэ. “Нельга казаць, што ўсё з’яўляецца пагрозай. Для таго ў нас і існуюць інстытуцыі, каб гэтыя пагрозы прадухіляць. У тым ліку і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі”, — падкрэсліла яна.
У прэзентаваным 7 сакавіка штогадовым дакладзе Міністэрства абароны Літвы гаворыцца сярод іншага пра пераслед беларускімі спецслужбамі супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі Літвы і пра тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі пашырыў разведвальныя аперацыі за мяжой і ўзмацніў унутраную контрразведку. Сцвярджаецца, што беларускія разведвальныя службы “нядаўна пачалі ўстанаўліваць і аднаўляць кантакты з членамі беларускай дыяспары [у Літве] і вербаваць новых агентаў, выкарыстоўваючы сучасныя метады аддаленай сувязі”. Некаторыя прадстаўнікі беларускай дыяспары “прапагандуюць радыкальныя палітычныя ідэалогіі, такія як літвінізм”, лічаць у Вільні.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота:.lrt.lt/ru