BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Міністр замежных спраў Беларусі ў хамскай манеры заклікаў Польшчу да дыялогу

Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў заклікаў свайго польскага калегу не саваць свой нос, куды не варта. Так ён пракаментаваў заяву Радаслава Сікорскага пра так званыя выбары ў Беларусі. “Не сунь свой нос туды, куды табе не варта», — сказаў лукашэнкаўскі міністр у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”.

Пры гэтым Рыжанкоў падкрэсліў, што Беларусь адкрытая для дыялогу, спаслаўшыся пры гэтым на беларускага дыктатара. “Прэзідэнт пра гэта сказаў. Больш за тое, у нас вельмі шмат ёсць пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання, патрабуюць вырашэння. І Міністэрства замежных спраў Польшчы пра гэта дакладна ведае. У нас ёсць кантакты, мы ў папярэднім парадку пра гэта гаворым», — дадаў Рыжанкоў.

Нагадаем, 26 студзеня кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі пракаментаваў у сацсетках асноўны дзень так званых выбараў у Беларусі.

“Сёння ў Беларусі прэзідэнцкія “выбары”. Чакаць выніку невыносна. Дарэчы, калі ласка, не называйце Лукашэнку „апошнім дыктатарам Еўропы“. Гэта несправядліва. Пуцін пераўзыйшоў яго ў крадзяжы, рэпрэсіях і ваенных злачынствах», — напісаў Сікорскі ў сацсетцы Х.

Беларускае Радыё Рацыя