Еўрапейскія міністры замежных спраў сёння прыбылі ў Кіеў, каб наведаць Бучу. Сустрэча прысвечаная чацвёртай гадавіне вызвалення горада ад расейскай акупацыі, калі Буча стала сведчаннем ваенных злачынстваў расейцаў супраць мірнага насельніцтва.

Беларуска Карына Пацемкіна першыя дні вайны знаходзілася ў Бучы. Яна запісалася валанцёркай у Бучанскую мясцовую раду, дзе заспела прыход расейскіх войскаў:
-Мы ведалі, што расстрэльваюць валанцёраў, якія намагаліся інсулін адвезці, ці ежу адвезці. Напрыклад, раніцай прыходзіш, ты ведаеш, што чалавек паехаў па такім адрасе, а ў канцы дня становіцца зразумела, што гэты чалавек не вярнуўся. На наступны дзень ты даведваешся, што яго застрэлілі.
Буча стала вядомай ва ўсім свеце ў сакавіку 2022 года, адразу пасля вызвалення. Украінскія ўлады і міжнародныя журналісты выявілі ў Бучы целы людзей на вуліцах і ў брацкіх магілах, а таксама сведчанні катаванняў. Паводле дадзеных Бучанскай гарадской тэрытарыяльнай супольнасці, у самой Бучы загінула каля 381 чалавека, а ў больш шырокай Бучанскай супольнасці — 554 загінулыя, у тым ліку 12 дзяцей. Беларуска Карына Пацемкіна вярнулася ў Бучу адразу пасля вызвалення горада і працягнула валанцёрскую працу:
-Не ведаю, што было страшней – ці той час да эвакуацыі, калі ты не ведаў яшчэ такіх маштабаў. Некаторыя выпадкі, якія ты не мог тады ўявіць, напрыклад, што целы застрэленых можна проста абліць бензінам і падпаліць. Гэта быў складаны час у плане эмацыйным і псіхалагічным.
Сёлетні візіт еўрапейскіх міністраў у Бучу пацвярджае намер міжнароднай супольнасці захаваць салідарнасць з жыхарамі Бучы і нагадаць свету пра трагедыю, што адбывалася тут чатыры гады таму.
Беларускае Радыё Рацыя






