Пакуль няма ніякіх навінаў пра нашага лідара Мікалая Статкевіча, ён знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада. Але мы робім усё магчымае, каб здабыць хоць нейкую інфармацыю. Кажа выконваючым абавязкі кіраўніка партыі “Народная грамада” Яўген Вільскі:

– Усё той жа рэжым інкамунікада, як і быў, але спадзяёмся, што сёлета ідуць нейкія нечаканыя і рэзкія змены, мо і ў нас штосьці зменіцца і будзе нейкая інфармацыя пра Мікалая Статкевіча.
Мы працуем. Вось зараз звярнуліся да Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Рэжым зараз гуляе ў розныя гульні, магчыма, штосьці праз яго атрымаецца.
Яўген Вільскі таксама распавёў, што яму вядома пра сітуацыю з сябрам партыі Анатолем Вайцяхоўскім, які апынуўся ў Беларусі:
– Чалавек жыў у Беластоку, цяжка працаваў, выжываў. Я быў у яго некалькі разоў. Канешне, цяжка яму даводзілася, і мы не ведаем, што здарылася. Няма яшчэ ніякай канкрэтнай інфармацыі, што з ім, гэта нейкія незразумелыя ўкіды. Пакуль мы дакладна не будзем ведаць, што з ім здарылася, не будзем “раздуваць” гэтую тэму, бо яна вельмі адчувальная і невядома, хто пацерпіць, калі пачнецца гэтае “раздуванне”. Мы не ведаем, дзе ён, што з ім і як. Таму мы не хацелі б гэтую тэму пашыраць, бо гэта бяспека чалавека і яго родных.
Паводле Яўгена Вільскага, нягледзячы на ўсе складанасці і нападкі на партыю, яны і надалей будуць працягваць сваю актыўную дзейнасць, арганізоўваць і прымаць удзел у разнастайных палітычных акцыях у падтрымку палітвязняў ды іншых актыўнасцях.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






