13 снежня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, прысвечаную палітычным зняволеным у Беларусі, а таксама нядаўнім рэпрэсіям што да сем’яў беларускіх грамадскіх актывістаў: «Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Міколы Статкевіча і ўсіх тысячы пяціста палітвязняў. Заклікаем да зняцця з іх усіх абвінавачанняў, іх поўнай рэабілітацыі і фінансавай кампенсацыі шкоды, нанесенай у выніку пазбаўлення волі».

Здавалася б, колькі тых рэзалюцый было прынята. Але справа ў тым, што на фоне поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а цяпер і вайны тэрарыстаў супраць Ізраілю, беларуская павестка губляецца. Няма карцінкі – няма падзеі.
З маіх назіранняў, нават за сорак кіламетраў ад беларускай мяжы – у Беластоку – не разумеюць маштаб тэрору ў Беларусі. Што ўжо казаць пра людзей далей на захад ад беларускай мяжы.
Тэма Беларусі, хай сабе ў фонавым рэжыме, мусіць быць увесь час у міжнародных палітычных структурах. Наш час «ікс» яшчэ наперадзе.
____________________
14 снежня ў Палаце прадстаўнікоў прынялі законапраект, які дазваляе пазбаўляць беларускага грамадзянства.
Страціць грамадзянства можна на падставе рашэння лукашэнкаўскага суду пра тое, што чалавек «удзельнічаў у экстрэмісцкай дзейнасці» альбо «прычыніў цяжкую шкоду» інтарэсам Беларусі. Пазбаўляць пашпартоў будуць тых, хто знаходзіцца за мяжой.
Важна! Лукашысты плануюць пазбаўляць грамадзянства беларусаў па нараджэнні. На тэрыторыі Еўропы падобная практыка была толькі ў СССР.
Для тых, хто за мяжой, і паспеў залатвіць усе свае справы з нерухомасцю, ад такога закону ні халодна ні горача. Бачна, што Лукашэнка псіхуе праз тое, што не можа адпомсціць усім без вынятку за 2020 год.
А з вяртаннем Закону на тэрыторыю Беларусі ўсе гэтыя псеўдазаконы ад псеўдапрламенту будуць ануляваныя аўтаматычна.
____________________
На мінулым тыдні была агучаная лічба 90% згубленых войскаў Расеі з моманту ўварвання на тэрыторыю Украіны ў лютым 2022 году. З іншага боку, украінскія ўлады гавораць пра патавую сітуацыю, бо Украіна таксама панесла вялікія згубы. Розніца ў тым, што Расея можа назбіраць яшчэ не адну сотню тысяч мабілізаваных, а вось ва ўкраінцаў надзея толькі на тэхніку, якую можа даць Захад.
Дзе праўда, а дзе ваенная хітрасць – нам ніхто не скажа. Але пакуль з адкрытых крыніц бачна, што падзеі ў расейска-украінскай вайне прыцішыліся.
Беларускі інтарэс у тым, каб лаяльныя да Лукашэнкі сілавікі пабачылі як Расея прайграе. Бо з 1994 году ў Лукашэнкі ёсць толькі адзін козыр у размове з сілавікамі і «вертыкаллю» – падтрымка Крамля.
____________________
З 13 снежня ў Польшчы зноў прэм’ер-міністр Дональд Туск. Для беларусаў прынцыпова нічога не змяняецца. Свабодная грамадзянская супольнасць будзе падтрымлівацца, а Лукашэнка будзе далей лічыцца ўзурпатарам улады.
Цікава, што падчас сваёй першай прамовы па абранні прэм’ерам Дональд Туск ні разу не прамовіў слова «Беларусь». Наша краіна і праўда вельмі складаны кавалак у лагістыцы еўрапейскай палітыкі. Той выпадак, калі справы лепш рабіць ціха. Але Дональд Туск вельмі выразна выказаўся па Украіне і неабходнасці яе падтрымліваць. Мяркую, па Беларусі спецыялісты дыпламатыі і выведкі працуюць.
____________________
На мінулым тыдні сталася вядомым, што па ўсёй Беларусі прайшла хваля ператрусаў і праверак у былых назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году.
Заўважце, большасць актывістаў 2020 году засталіся ў Беларусі. Гэта не проста ўпартасць. Гэта адстойванне свайго «я». Ты ведаеш, што тваё сумленне чыстае, то чаму ты мусіш з’язджаць.
Думаю, што Лукашэнка шалее ад такога маўклівага супрацьдзеяння беларусаў.
Асабліва на фоне да падрыхтоўкі шоу пад назвай «парламенцкія выбары», запланаванага на 25 лютага 2024 году.
Беларус беларусу беларус у краіне і за мяжой! Жыве!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: “Вясна”






