BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мірная ініцыятыва”

Саміт міру па ўкраінскім пытанні, які гэтымі днямі праходзіць у Швейцарыі, вельмі абразіў і расейскую ўладу, і яе верных сабак у асобе крамлёўскіх прапагандыстаў. Як бы яны не спрабавалі гэта хаваць за саркастычнымі выказваннямі і абыякавасцю, якая тэатральна дэманструецца, але на федэральных каналах з рэгулярнасцю разважаюць то пра легітымнасць Зяленскага, то пра малалікасць і малазначнасць Саміту міру.

Невычэрпная крыніца бяссільнай злосці – прапагандыст Салаўёў – абурыўся, што крамлёўскія баевікі чамусьці «берагуць Кіеў». Прапануе перайсці да пазіцыі найжорсткага пакарання і падарваць дамбу Кіеўскай ГЭС. Нібыта ЗСУ «прасуюць» Белгарад, а Расея праяўляе да іх (народу Украіны) высакароднасць. Салаўёў аргументуе свой заклік да тэракту тым, што кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Буданаў перасцерагае аб лёсе незаконнага Крымскага моста. То бок, у адказ трэба затапіць Кіеў.

“Дэнацыфікацыя” і “дэмілітарызацыя”, як галоўныя мэты расейскай агрэсіі, ужо страчваюць актуальнасць. Трэба проста знішчыць усіх украінцаў – заклік да адкрытага генацыду. Псіхічнае абвастрэнне на фоне Саміту міру выявілася яшчэ і ў выглядзе “мірных” ініцыятыў бункернага
монстра, што яшчэ раз пацвярджае пачатак вялікай расейскай істэрыкі. Больш за тое – вельмі нагадвае салаўіны памёт.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: President.gov.ua