Міжнародныя і ўкраінскія СМІ тыражуюць відэа так званых «хапуноў» за добраахвотнікамі ў гарадах Украіны.

Журналіст Андрэй Мядзведзеў лічыць такія відэа звыклай з’явай, у якой няма нічога неардынарнага:
– Калі браць гэтыя паведамленні з відэа так званых «войскаматаў», якія ва Украіне называюцца «тэрытарыяльныя цэнтры камплектавання», тое што яны наведвалі аб’екты, дзе звычайна шмат асобаў мужчынскага полу збіраецца разам, то такія з’явы, яны былі ўвесь час цягам поўнамаштабнай вайны, калі пачаліся мабілізацыйныя мерапрыемствы. У гэтым нічога дзіўнага няма.
Па словах журналіста ва Украіне скончыліся «добраахвотнікі» і амаль няма ратацыі на фронце:
– Былі такія вельмі патрыятычныя, ішлі ахвотна ваяваць, абараняць сваю краіну. Яны фактычна ўжо можна сказаць скончыліся. Яны ішлі першыя месяцы, там тыдні рэальна стаялі чэргі. Не толькі ўкраінцаў, але і беларусаў у тым ліку. Людзі проста біліся за тое, каб патрапіць у самыя баявыя часткі, нават у чэргах былі спрэчкі. Зараз нічога такога ўжо няма.
Андрэй Мядзведзеў лічыць абавязкам кожнага грамадзяніна абараняць сваю краіну, аднак «Расея гэта 140 міл’ёнаў, Украіна – 40» і многія стамляюцца ваяваць амаль без ратацыі і адпачынку.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя






