Адчула ў ЗША хвалю прэсінгу на сябе і сваіх блізкіх у Беларусі беларуска Наталля Палякова (імя і прозвішча змененыя па просьбе гераіні). Больш за 10 гадоў жыве ў Злучаных Штатах і заўсёды выяўляе сваю грамадскую пазіцыю, у тым ліку робіць данаты, удзельнічае ў акцыях. За гэта КДБ Беларусі на радзіме заняўся яе сям’ёй.

Падрабязней распавяла сама Госця Рацыі ў гутарцы з Алісай Поль:
РР: Давайце распавядзем пра тое, што апошнімі днямі адбылося ў вашай сям’і.
Наталля Палякова: У мяне паціху гэтая сітуацыя нарастала. Спачатку, пасля пратэстаў 2020 года, маіх бацькоў пачалі выклікаць і распытваць, дзе я знаходжуся і ці перадавала якія-небудзь сродкі. І з часам стала ўсё значна горш. Маму выклікалі ў Камітэт дзяржбяспекі. распытвалі, ці адпраўляла я ёй якія-небудзь сродкі, чым я займаюся, чаму нейкія рэчы з’яўялюцца ў інтэрнэце, якія сродкі я перадавала ў падтрымку Украіны і г.д.? Маму звольнілі з працы. І самае сумнае, што калі я шукала дапамогу, у мяне вельмі моцна хварэла бабуля, я ўсяляк спрабавала ёй дапамагчы. Шукала, як ёй перадаць сродкі. Яе, на жаль, тыдзень таму не стала. І я так і не змагла ёй нічым дапамагчы. Мама вельмі моцна гэтага баялася. Раней мама працавала ў мытным камітэце, цяпер яна не можа нікуды ўладкавацца на працу. І просіць мяне ніяк ёй не дапамагаць – ні фінансава, ні як-небудзь інакш. Я раней спрабавала прадукты ёй купляць, адсюль аплаціць. Яна папрасілі мяне гэтага не рабіць. Ёй перыядычна паступаюць званкі: калі я вярнуся, які ў мяне адрас і чым я тут займаюся?
РР: Калі вы былі апошні раз у Беларусі?
Наталля Палякова: Я была вельмі даўно ў Беларусі. Я апошні раз была ў 2013 годзе. І ўвесь гэты час жыла ў ЗША. Пасля 2020 года і пачалася эскалацыя ў адносінах да маёй персоны. Але тады, у 2013 годзе, мной ніхто ніяк не цікавіўся.
РР: А з чым вы звязваеце гэтую цікавасць органаў да вас?
Наталля Палякова: Я ніколі не хавала, што падтрымліваю апазіцыю. Заўсёды рабіла і данаты, і як журналіст шмат чаго пісала. Я старалася гэта не афішаваць ад свайго імя. Мне да сёння незразумела, як яны высветлілі хто ёсць хто. Мая сяброўка атрымала прысуд два з паловай гады «хіміі». І яе таксама дапытвалі. Апошні раз яе затрымалі ў аэрапорце, калі яна лятала ў адпачынак, і ў тым ліку яе распытвалі, у якіх адносінах яна са мной, ці дасылала я ёй грошы. Яна таксама зараз у паніцы.
РР: А як бы вы самі маглі ахарактарызаваць сваю актыўнасць, у тым ліку пачынаючы з 2020 года?
Наталля Палякова: Уся мая актыўнасць была пераважна ў 2020 годзе. Мы ўсе, хто знаходзіўся ў Амерыцы, імкнуліся дапамагаць. І супрацоўнічалі з усімі, і з Байполам, і мы збіраліся на мітынгі ў Філадэльфіі, і тлумачылі на ангельскую матэрыялы, і посцілі, і складалі тэксты ў ААН. Рабілі тое, што павінны былі рабіць, на мой погляд, усе беларусы.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






