МУС Польшчы пракаментавала сітуацыю з апастылямі, якая выклікала рэзананс сярод беларусаў. Высветлілася, што ніякіх новых правілаў міністэрства не ўводзіла, паведмляе «Белсат». У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы сказалі, што проста даслалі ЗАГСам тлумачэнне, што рабіць, калі дакумент выклікае сумневы.

«Мы накіравалі дырэктарам аддзелаў грамадзянскіх спраў і раўназначных ваяводскіх упраўленняў інфармацыйны ліст, які тычыцца дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных, сярод іншага, установамі былога СССР і БССР». У МУС патлумачылі, што ЗАГСы, верагодна, няправільна зразумелі распараджэнне. Згодна з адказам, кіраўнік польскага ЗАГСа, толькі калі ён сумняваецца ў сапраўднасці канкрэтнага дакумента, можа запытаць яго пацвярджэнне, напрыклад, апастыль.
«Беларускія дакументы павінны ацэньвацца так жа, як і раней, і апастыль не павінен запытвацца ў любым выпадку (кіраўнік ЗАГСа павінен ацэньваць пададзены яму дакумент у кантэксце выкананай працэдуры)», — адзначылі ў МУС.
У міністэрстве паабяцалі даслаць яшчэ адзін ліст ваяводам, але ўжо так, каб там усё зразумелі правільна. У МУС падкрэслілі, што «бежанцы з Беларусі могуць заўсёды разлічваць на нашу падтрымку ў Польшчы, ім аказваецца абарона і неабходная дапамога».






