Лукашэнка застаецца саюзнікам Расеі, падтрымлівае агрэсію супраць Украіны і праводзіць палітыку ўнутры краіны, якая накіраваная на стварэнне пачуцця небяспекі.

Так кажа кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Палітык звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка цяпер вельмі часта выкарыстоўвае слова “вайна”:
– Усё гэта, канешне, выклікае пачуццё небяспекі, бо мне здаецца, што гэта не выпадкова. З аднаго боку гэта можна лічыць інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніяй дзеля таго, каб стварыць у беларусаў атмасферу пагрозы. І што менавіта толькі ён, такі выключны чалавек, можа гэтай пагрозе супрацьстаяць. Альбо мы штосьці з вамі не ведаем, пра што яны дамаўляюцца з Пуціным. І магчыма яны рыхтуюцца да нейкіх падзей.
Павел Латушка дадае, што і выведка ЗША, і вайсковая выведка Украіны пацвярджаюць магчымасць ваеннага развіцця падзей у Еўропе.
Супраць Аляксандра Лукашэнкі праводзіцца некалькі расследаванняў у Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. Гэта справы, звязаныя з пераследам журналістаў, рэпрэсіямі супраць грамадзян Беларусі і саўдзелам у вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый. Цяпер у Гаагу трапіла яшчэ адно паведамленне, якое датычыць дэпартацыі былых палітычных вязняў, – кажа палітык Павел Латушка:
– Мая інфармацыя па факце дэпартацыі беларусаў, якія былі прымусова выкінутыя на тэрыторыю Украіны. Яна была аформлена адпаведным працэсуальным чынам і перададзена ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў горадзе Гага. Гэтая інфармацыя пацвярджае, што Лукашэнка ажыццяўляе злачынства супраць чалавечнасці ў адносінах да беларусаў. Дэпартацыя – гэта тое, што з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці.
“Лукашэнка павінен разумець, што калі ён адмаўляе грамадзянам у праве пражываць на тэрыторыі ўласнай краіны, калі ён пераследуе беларусаў унутры краіны і за мяжой, гэта з’яўляецца злачынствам і за гэта прадугледжана пакаранне”, – падкрэсліў Павел Латушка.
Беларускае Радыё Рацыя






